Мінск 18:10

У Мінску на кіруючыя пасады прызначылі 15 чалавек, якіх раней звольнілі паводле дыскрэдытуючых абставін — пракуратура

7 ліпеня, Позірк. 15 чалавек прынята ў Мінску на кіруючыя пасады ў арганізацыі прыватнай формы ўласнасці з парушэннем заканадаўства, паведамляе Генеральная пракуратура.

Гэтыя факты былі выяўлены падчас праверкі выканання заканадаўства пры прызначэнні на кіруючыя пасады асоб, якія былі звольненыя паводле дыскрэдытуючых абставін. Адзначаецца, што працаўладкаванне згаданых грамадзян адбывалася без узгаднення з кіраўніком мясцовай гарадской адміністрацыі.

Адной з прычын такіх прызначэнняў названа “няведанне ўсіх абставін”. Таксама адзначана “памылковае меркаванне” наймальнікаў пра тое, што кіруючая пасада — гэта толькі кіраўнік арганізацыі або яго намеснік, хоць “пад кіруючай пасадай разумеюцца і іншыя работнікі, якія ажыццяўляюць арганізацыйна-распарадчыя функцыі ў дачыненні да арганізацыі, яе структурных падраздзяленняў, работнікаў і кірункаў дзейнасці”.

З мэтай ліквідацыі выяўленых парушэнняў пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска вынесла два прадпісанні кіраўнікам арганізацый.

Падкрэсліваецца, што акты нагляду “выкананы ў поўным аб’ёме”: чатыры работнікі вызвалены ад кіруючых пасад, што займалі, двое прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Акрамя таго, за парушэнне правіл прыёму на працу ва ўпаўнаважаны орган накіравана пяць даручэнняў аб пачатку адміністрацыйнага працэсу паводле ч. 6 арт. 10.12 КаАП (парушэнне заканадаўства аб працы) у дачыненні да адказных службовых асоб арганізацый.

Адзначаецца, што ў адпаведнасці з заканадаўствам у выпадку, калі наймальнік прымае асобу на кіруючую пасаду і ў далейшым будзе выяўлена, што названы работнік раней цягам пяці гадоў быў звольнены па дыскрэдытуючых абставінах (напрыклад, за прагул), працадаўца павінен узгадніць прызначэнне такога кіраўніка з кіраўніком адміністрацыі раёна, дзе зарэгістравана арганізацыя.

Парадак прызначэння асоб, звольненых паводле дыскрэдытуючых абставін, на кіруючыя пасады замацаваны ў дэкрэце Аляксандра Лукашэнкі № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

Як паведамлялася раней, з 1 сакавіка 2025 года старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў (абласнога падпарадкавання) атрымалі права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў арганізацый на даверанай тэрыторыі, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці. Гэта вынікае з указа ад 21 лютага 2025 года № 74 “Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”.

У дакуменце гаворыцца, што неабходна ўзгадняць кандыдатуры на пасады:

— кіраўнікоў размешчаных на адпаведнай тэрыторыі арганізацый, філіялаў і іншых адасобленых падраздзяленняў арганізацый (іх структурных падраздзяленняў) паводле пераліку, які вызначаецца адпаведным выканкамам (у яго не ўключаюцца кіраўнікі арганізацый, якія з’яўляюцца адзіным уласнікам маёмасці арганізацыі);

— намеснікаў кіраўнікоў арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці адпаведнага раёна, горада, “паводле пераліку”;

— галоўных спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый “паводле пераліку”.

Паводле запрашэння старшыні выканкама на яго тэматычных пасяджэннях можа прысутнічаць пракурорскі работнік “з правам дарадчага голасу”.

Падзяліцца: