Мінск 12:35

Былы кіраўнік Гомеля Прывалаў узначаліў адміністрацыю СЭЗ “Гомель-Ратон”

Ілюстрацыя на старонцы СЭЗ "Гомель-Ратон" у "Фэйсбуку"

9 ліпеня, Позірк. Былы кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў прызначаны “кіраўніком дзяржаўнай установы “Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны “Гомель-Ратон”, вынікае з пастановы Савета міністраў № 342 ад 7 ліпеня.

Гэтым жа дакументам прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын вызваліў ад гэтай пасады Дзмітрыя Лебедзя — “на падставе дамовы бакоў”.

Адметна, што “Гомель-Ратон” — адзіная зона з шасці дзейных у Беларусі СЭЗ, у якой за 2025 год атрымалася нарасціць прыбытак у параўнанні з 2024-м — з 299,7 млн ​​рублёў да 623,4 млн (рост у 2,1 раза).

Прывалаў пакінуў пасаду кіраўніка абласнога цэнтра сёлета ў траўні. Чыноўнік быў у цэнтры ўвагі СМІ пасля “выбуху газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3), які здарыўся ў горадзе летась 17 снежня. У выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі”, была “пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”. Частку жыхароў эвакуявалі, загінула адна жанчына.

На пачатку чэрвеня з’явілася неправераная інфармацыя пра арышт Прывалава. У сярэдзіне таго месяца незалежнае рэгіянальнае СМІ “Флагшток” паведаміла, што ў яго атрымалася верыфікаваць гэтыя звесткі.

“Крыніца, звязаная з выканаўчай уладай, пацвердзіла, што Прывалаў стаў фігурантам крымінальнай справы, — заявіла выданне. — Афіцыйна пра гэта нічога не паведамляецца, але, як стала вядома ад крыніцы, экс-старшыню гарвыканкама абвінавачваюць у махінацыях з перапродажам кватэр”.

“У справе маюцца таксама іншыя фігуранты-чыноўнікі — звесткі па іх “Флагшток” пакуль удакладняе. Прывалаў знаходзіўся ў гомельскім СІЗА, але нядаўна мог быць адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе”, — гаварылася ў паведамленні СМІ.

Неўзабаве пасля таго Следчы камітэт зняпраўдзіў інфармацыю пра арышт экс-кіраўніка Гомеля.

“Сёлета ў чэрвені праз розныя інтэрнэт-рэсурсы стала распаўсюджвацца ілжывая інфармацыя пра затрыманне і змяшчэнне ў СІЗА былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава, — адзначыла прэс-служба ведамства. — Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. У дачыненні да Уладзіміра Прывалава крымінальная справа не ўзбуджалася, крымінальны пераслед не ажыццяўляўся”.

Было заяўлена, што Гомельскі гарадскі аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 188 КК (паклёп) і цяпер праводзіць “следчыя дзеянні для высвятлення асоб, якія маюць дачыненне да стварэння фэйка і публічнага распаўсюду ілжывай інфармацыі, якая ганіць”.

Падзяліцца: