Мінск 12:36

Дзясяткі навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў падтрымалі план стварыць Беларускі даследчы ўніверсітэт

Ілюстрацыя на старонцы ўніверсітэта Валовіча ў "Фэйсбуку"

9 ліпеня, Позірк. 60 навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў падпісалі адкрыты ліст у падтрымку плана стварыць Беларускі даследчы ўніверсітэт і зарэгістраваць яго ў краіне Еўрасаюза, паведмаляецца на сайце будучага ўніверсітэта імя Валовіча.

У лісце ўтрымліваецца заклік, адрасаваны палітыкам краін ЕС, а таксама профільным фондам, да шчыльнай кааперацыі з камандай стваральнікаў універсітэта па пытанні заснавання і фінансавай падтрымкі гэтага праекта.

“Надзвычайная важнасць” стварэння і рэгістрацыі ў ЕС Беларускага даследчага ўніверсітэта аргументаваная тым, што ў самой Беларусі зараз цалкам неспрыяльныя ўмовы для развіцця адукацыі і культуры: “Жорсткі дыктатарскі рэжым не толькі забараняе незалежныя інстытуты адукацыі, ганебна руйнуе акадэмічныя свабоды і звальняе без магчымасці вяртання на працу прадстаўнікоў беларускай адукацыі і навукі, якія выступаюць супраць палітыкі, што праводзіць аўтарытарная улада, але і садзейнічае маштабнай русіфікацыі і каланізацыі беларускай нацыі, працуе на наступ “рускага міра”.

У лісце гаворыцца, што ні ў адной з 50 вышэйшых навучальных устаноў Беларусі “адукацыя не вядзецца на беларускай мове — тытульнай мове нацыі, а выключна па-руску” (у Беларусі вядзецца навучанне на беларускай мове па шэрагу прадметаў ва ўніверсітэтах, але няма ніводнай ВНУ, дзе ўвесь навучальны працэс вядзецца па-беларуску). У пачатковай і сярэдняй адукацыі “толькі 10% беларускіх дзяцей маюць магчымасць атрымліваць яе на роднай мове”, адзначаецца ў дакуменце.

“У беларускай адукацыйнай прасторы пануе ідэалагічны кантроль, мілітарызацыя навучання і палітычная цэнзура. Сотні і тысячы першакласных спецыялістаў не могуць свабодна займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю у краіне і вымушаныя выяжджаць у іншыя дзяржавы праз пераслед і гвалт”, — гаворыцца ў лісце.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што беларусы як нацыя заслугоўваюць, каб “прадстаўнікі яе акадэміі” маглі весці багатую навуковую і выхаваўчую працу на сваёй мове, а таксама мовах народаў свету, выходзячы за межы расійскіх даследаванняў.

Стварэнне нацыянальнага даследчага ўніверсітэта і пашырэнне ведаў пра Беларусь “будзе спрыяць дэкаланізацыі ўяўленняў пра постсавецкую прастору і прынясе карысць заходняй акадэмічнай і экспертнай супольнасці”. 

Сярод іншых лiст падпiсалi беларускія лаўрэаты Нобелеўскай прэміі — заснавальнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, пісьменніца Святлана Алексіевіч; а таксама прафесар гісторыі Ельскага ўніверсітэта Марсі Шор, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, дырэктар Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі Павел Церашковіч, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, даследчыца Цэнтра гісторыі трансфармацый (RECET, Вена) Вольга Шпарага, доктар навук Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Украіны імя Ігара Сікорскага Яўген Магда, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, галоўны рэдактар газеты Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні, прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук Павел Баркоўскі, галоўны рэдактар “Белсата” Аліна Коўшык.

11 сакавіка беларускаму дэмакратычнаму лідару Святлане Ціханоўскай была прадстаўленая канцэпцыя дзейнасці ўніверсітэта імя Валовіча, які знаходзіцца на этапе падрыхтоўкі да рэгістрацыі ў Польшчы.

Летась напрыканцы верасня ў Польшчы была зарэгістраваная Асацыяцыя па стварэнні Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафія Валовіча (Astafiej Valovic Belarusian Research University).

У студзені 2024 года АПК паведамляў, што будзе працаваць над стварэннем беларускага ўніверсітэта з навукова-даследчым профілем за мяжой.

У траўні 2025 года член аргкамітэта Баркоўскі паведаміў, што бюджэт установы спланаваны на ўзроўні амаль 6 млн еўра — за кошт спонсарскіх праграм, данатаў і фондаў, індывідуальных і інстытуцыйных міжнародных даследчых грантаў, а таксама платных паслуг — за навучанне на асобных праграмах, выкананне навуковых і практычна-навуковых даследаванняў.

Астафій Валовіч (1520–1587) — дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага.

Падзяліцца: