Мінск 17:18

У Пінскім раёне п’яны угоншчык спрабаваў уцячы ад ДАІ, аўтамабіль спынялі са стральбой

Відэа: МУС / стоп-кадр: "Позірк"

15 ліпеня, Позірк. У Пінскім раёне (Брэсцкая вобласць) уначы на 15 ліпеня супрацоўнікі ДАІ ўжылі табельную зброю для спынення аўтамабіля “Опель”, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Аўтамабіль, паводле даных МУС, быў скрадзены, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі яго каля вёскі Купяцічы.

Адзначаецца, што кіроўца не выканаў патрабаванне аб спыненні і працягнуў рух, пасля чаго пачалася пагоня.

“Парушальнік не рэагаваў на неаднаразовыя законныя патрабаванні інспектараў і спрабаваў уцячы, ствараючы падчас руху рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Для спынення аўтамабіля выкарыстоўвалася табельная зброя”, — гаворыцца ў паведамленні.

За рулём спыненага аўтамабіля знаходзіўся 30-гадовы жыхар Пінскага раёна, які, як сцвярджаецца, ніколі не меў пасведчання кіроўцы. Медыцынскі агляд выявіў у яго больш за 1,3 праміле алкаголю.

Распачата крымінальная справа паводле факта угону. Акрамя таго, у дачыненні да кіроўцы складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў. Аўтамабіль змешчаны на стаянку пад аховай, мужчына дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.

7 ліпеня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі скарысталі зброю, каб спыніць аўтамабіль з п’яным кіроўцам за стырном у Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць).

Падзяліцца: