Мінск 18:41

Вярхоўны суд РФ прызнаў “экстрэмісцкай” групу “Кіберпартызаны BY”

Ілюстрацыйнае фота: Christin Hume / unsplash.com

21 ліпеня, Позірк. Вярхоўны суд Расіі прызнаў “экстрэмісцкімі” хакерскія групы “Кіберпартызаны BY” (Cyberpartizans) і Silent Crow і забараніў іх дзейнасць на тэрыторыі краіны.

Агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на прэс-службу расійскага суда паведаміла, што рашэнне, прынятае 21 ліпеня на падставе іску Генеральнай пракуратуры РФ, “мае быць неадкладна выкананае”. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме.

Адзначаецца, што асаблівая ўвага ў рашэнні нададзеная беларускай групе “Кіберпартызаны BY”. Суд лічыць, што аб’яднанне ўваходзіць у структуру “Супраціў”, мэтай якой нібыта з’яўляецца “гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу Беларусі”. Сцвярджаецца таксама, што арганізацыя супрацоўнічае з палком імя Кастуся Каліноўскага, які “ажыццяўляе вярбоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны супраць Узброеных сіл РФ”, і “афіляваная з падраздзяленнем інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Узброеных сіл Украіны”.

ВС РФ таксама мяркуе, што “Кіберпартызаны BY” і Silent Crow “шчыльна супрацоўнічаюць паміж сабой і ажыццяўляюць сумесныя кібератакі супраць аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры Расіі і Беларусі для дэстабілізацыі сацыяльнай і палітычнай абстаноўкі ў мэтах змены дзейнай дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

Група Silent Crow (“Маўклівы крумкач”), паводле дадзеных ВС РФ — гэта “праўкраінскае аб’яднанне ананімных палітычна матываваных хакераў-актывістаў, якія здзяйсняюць кампутарныя злачынствы супраць нацыянальнай бяспекі РФ”. Яе асноўнай мэтай, як заяўлена, “з’яўляецца нанясенне шкоды расійскім дзяржаўным органам, кампаніям і крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры”.

Паводле сцвярджэння суда, сярод нападаў, якія звязваюць з абедзвюма групоўкамі, былі ўзломы IT-інфраструктуры “Аэрафлота”, баз даных “Ростелекома”, Росреестра, а таксама сервераў Беларускай чыгункі.

“Кіберпартызаны” — група ананімных хакераў, якая з’явілася ў верасні 2020 года. Вядомыя атакамі на сайты беларускіх сілавых структур, дзяржустаноў і СМІ, размяшчэннем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Падзяліцца: