Мінск 02:03

ЕС увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і Еўрапейскай трэйдынгавай кампаніі

Мазырскі НПЗ
Ілюстрацыйнае фота: "Веснік Белнафтахіма"

24 ліпеня, Позірк. Савет Еўрапейскага саюза ўвёў санкцыі ў дачыненні да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода і Еўрапейскай трэйдынгавай кампаніі (ЕТК), сведчаць дакументы, апублікаваныя ў Афіцыйным часопісе ЕС.

У імплементацыйным рашэнні Савета ЕС 2026/1816 ад 23 ліпеня 2026 года адзначаецца, што Мазырскі НПЗ уваходзіць у канцэрн “Белнафтахім” і “амаль цалкам належыць дзяржаве і кампаніі “Слаўнафта”. Завод “мае стратэгічнае значэнне для эканомікі і рэжыму” Аляксандра Лукашэнкі, а таксама з’яўляецца саўладальнікам “Беларускай нафтавай кампаніі” (БНК). Прадпрыемства “падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае ад яго выгаду”.

Зарэгістраваная ў расійскім Смаленску ЕТК, згодна з дакументам, з’яўляецца даччынай кампаніяй падкантрольнай дзяржаве БНК. Створаная для продажу нафтапрадуктаў завода “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць) і Мазырскага НПЗ. Такім чынам, “ЕТК звязаная з арганізацыямі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі”.

Савет ЕС таксама дапоўніў пералік юрыдычных асоб, якім нельга пастаўляць тэхналогіі, чатырма суб’ектамі: ТАА “ЧЫП І ДЫП” (прадавец электронікі і кампанентаў), ААТ “Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (вытворца аптычных прыбораў), ААТ “Канструктарскае бюро “Дысплей” (распрацоўшчык манітораў для працы ў жорсткіх умовах), ЗАТ “Завод карпусных вырабаў” (афіцыйна — вытворца вырабаў парашковай металургіі, паводле неафіцыйных звестак — артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў).

Акрамя таго, у адпаведнасці з рашэннем Савета ЕС 2026/1847 пашыраны спіс тавараў, якія “могуць спрыяць вайсковаму і тэхналагічнаму ўдасканаленню Беларусі або развіццю яе сектара абароны і бяспекі”, а значыць забароненыя для экспарту. Гаворка ідзе пра металы (нікелевыя парашкі, нікель і яго сплавы, што выкарыстоўваюцца для антыкаразійных пакрыццяў рэактыўных рухавікоў; берыліевыя парашкі — для ракетнага паліва і высокатрывалых сплаваў); кампаненты для абароннай і аэракасмічнай галін (самаклейныя плёнкі, стужкі і палосы); абсталяванне для беспілотнікаў (наземнае абсталяванне забеспячэння, сістэмы глушэння і перахопу, пускавыя сістэмы, серваматоры, сістэмы перапынення палёту для беспілотнікаў і ракет).

У той жа час Савет ЕС прадугледзеў механізм, які дазваляе “забяспечыць бесперабойнае прадастаўленне тавараў і паслуг, неабходных для падтрымання інтэрнэт-інфраструктуры ў Беларусі для шырокай грамадскасці”. Так, кампетэнтныя органы ў парадку выключэння могуць “дазволіць продаж, пастаўку, перадачу або экспарт тавараў” — абсталявання для сувязі, вылічальных машын і носьбітаў інфармацыі — для “невайсковага канчатковага карыстальніка і неваеннага выкарыстання”, пасля таго як будзе пацверджана, што прадукцыя прызначаная “для грамадзянскіх сетак электроннай сувязі”. Пры гэтым сетка сувязі, для якой пастаўляецца абсталяванне, не мае кантралявацца беларускай дзяржавай больш як на 50%.

Уведзеная забарона на імпарт з Беларусі тавараў, якія дазваляюць ёй “дыверсіфікаваць даходы і тым самым падтрымліваць удзел у агрэсіі супраць Украіны”. Абмежаванні тычацца руд і металаў (медныя, нікелевыя, свінцовыя руды і руды каштоўных металаў, неапрацаваны цынк, шчолачназямельныя металы); хімікатаў і прамысловай прадукцыі (аксіды цынку і хрому, талавая аліва); іншых тавараў (вырабы са шкла і запасныя часткі для аўтамабіляў).

Варта адзначыць, што да 25 кастрычніка 2026 года дазваляецца завяршыць здзелкі па талавай аліве, вырабах са шкла і аўтазапчастках у рамках кантрактаў, заключаных да 24 ліпеня гэтага года.

Акрамя таго, да канца 2026 года Венгрыі дазволена імпартаваць беларускія ацыклічныя насычаныя вуглевадароды (алканы — метан, этан, прапан, бутан ды інш.).

Савет ЕС таксама ўзмацніў забароны, якія тычацца сферы крыптаактываў. Калі з 26 сакавіка 2025 года грамадзянам і рэзідэнтам Беларусі забаронена “валодаць, кантраляваць або займаць кіроўныя пасады ў арганізацыях ЕС, якія прадастаўляюць паслугі крыптакашалькоў, рахункаў і захоўвання”, то з 25 жніўня 2026 года гэтая забарона “пашыраецца на любыя іншыя паслугі ў сферы крыптаактываў”. Аднак абмежаванне не распаўсюджваецца на грамадзян краін ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоны і Швейцарыі, а таксама на асоб з часовым або сталым дазволам на жыхарства ў гэтых дзяржавах.

У рашэнні нагадваецца, што ў лютым 2024 года Савет ЕС “рашуча асудзіў працяг падтрымкі, якую беларускі рэжым аказвае Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны”. Новыя абмежавальныя меры прынятыя “ў сувязі з сур’ёзнасцю сітуацыі і ў адказ на працяглую датычнасць Беларусі да агрэсіі РФ”.

Ціханоўская прывітала новыя санкцыі ЕС, cкіраваныя ў тым ліку супраць Беларусі

23 ліпеня, Позірк. Новыя санкцыі Еўрапейскага саюза, скіраваныя ў тым ліку супраць Беларусі, прывітала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. "Беларусь не павінна быць уцягнутая ў вайну Расіі, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Я вітаю санкцыі, …
Падзяліцца: