Мінск 22:02

Ціханоўская прывітала новыя санкцыі ЕС, cкіраваныя ў тым ліку супраць Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

23 ліпеня, Позірк. Новыя санкцыі Еўрапейскага саюза, скіраваныя ў тым ліку супраць Беларусі, прывітала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Беларусь не павінна быць уцягнутая ў вайну Расіі, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Я вітаю санкцыі, скіраваныя супраць тых, хто дапамагае Маскве ў Беларусі, падтрымлівае агрэсію, спрыяе абыходу абмежаванняў і служыць дыктатуры. Неабходна працягваць узмацняць ціск на рэжым і пашыраць падтрымку беларускага народа”.

Пра зацвярджэнне 21-га пакета санкцый супраць Расіі паведаміла 23 ліпеня вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.

“Гэта наш найбуйнейшы санкцыйны пакет за апошнія чатыры гады, які ўключае 218 пазіцый. Мы ўвялі санкцыі супраць больш як 100 банкаў і аператараў крыптавалют, больш як 40 суднаў ценявога флоту, а таксама некалькіх нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі і Беларусі, якія дапамагаюць Маскве працягваць вайну”, — адзначыла яна.

“Мы таксама адказваем на бесперапынныя расійскія атакі на мірных жыхароў, аб’екты інфраструктуры і культурную спадчыну, уводзячы санкцыі супраць больш як 50 прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу, уключаючы ключавых удзельнікаў вытворчасці расійскіх дальнабойных беспілотнікаў”, — дадала Каллас.

Афіцыйны тэкст санкцыйнага пакета з поўным пералікам фігурантаў пакуль не апублікаваны.

ААТ “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць) і Мазырскі НПЗ (Гомельская вобласць) ужо знаходзяцца пад санкцыямі ЕС.

Не выключана, што ў дачыненні да іх уведзеныя новыя абмежаванні, альбо санкцыі распаўсюджаныя на якія-небудзь даччыныя структуры, трэйдараў ці звязаныя кампаніі. Магчыма, у спіс уключаныя іншыя беларускія прадпрыемствы нафтахіміі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: