Мінск 18:04

Палітвязнямі прызнаныя яшчэ восем чалавек

Фота: pixabay.com

31 ліпеня, Позірк. Праваабарончая супольнасць 31 ліпеня прызнала палітычнымі вязнямі яшчэ восем чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай, у прыватнасці, на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Гэта другая такая заява за дзень. Раніцай палітвязнямі было прызнана 13 чалавек.

Адпаведны статус атрымалі асуджаныя да пазбаўлення волі Віталь Мусіловіч (арт. 130, 3611, 368, 369 КК), Вадзім Сараковік (арт. 130, 3614), Андрэй Судзібор (арт. 130), Аляксандр Аўдзевіч (арт. 130, 342, 3614, 367, 368), Аляксандр Яжэўскі (арт. 356), Аляксей Шахлай (арт. 342, 352), Міхаіл Філіпенка (арт. 3613), а таксама Мікалай Багданчык (арт. 295, 3614, 367, 368), асуджаны да абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Праваабаронцы заявілі, што лічаць пазбаўленне волі гэтых людзей палітычна матываваным. На іх думку, у кожным з разгледжаных выпадкаў крымінальны пераслед насіў палітычны характар, а пазбаўленне волі суправаджалася парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва і іншымі парушэннямі правоў чалавека.

Асобна аўтары заявы выказалі занепакоенасць практыкай прымянення арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Яны адзначылі, што абвінавачванні паводле гэтага артыкула працягваюць выкарыстоўвацца для падаўлення правоў і свабод грамадзян, у тым ліку за правамерныя альбо антываенныя дзеянні, а расплывістыя фармулёўкі артыкула дазваляюць прызначаць працяглыя тэрміны зняволення за дзеянні, якія “фактычна не замахваюцца на інтарэсы дзяржавы і грамадства”.

Праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend і Беларускі ПЭН.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 — распальванне варожасці або варажнечы;

арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 352 — неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй;

арт. 356 — здрада дзяржаве;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3613 — фінансаванне ўдзелу грамадзян ва ўзброеным канфлікце або ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Падзяліцца: