Мінск 21:16

АПК уганараваў узнагародамі дзевяць чалавек — у іх ліку ўдава Васіля Быкава, праваабаронца Стэфановіч, тэлевядучая Ваданосава

Фота: АПК

1 жніўня, Позірк. Аб рашэнні ўганараваць узнагародамі “шэраг выбітных асоб” паведаміў 1 жніўня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

Адпаведныя пастановы 31 ліпеня 2026 года падпісала кіраўніца кабінета Святлана Ціханоўская.

Медалём Францыска Скарыны будуць узнагароджаныя кіраўніца “Вольнага хору”, кампазітар, музычны педагог і музыказнаўца Галіна Казіміроўская, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы, педагог, арганізатар культурных праектаў Юрый Астапчук, спявачка, педагог Багуслава Карчэўская.

Медалі “Няскораных (Ларысы Геніюш)” удастоены праваабаронца, член савета праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), былы палітвязень Валянцін Стэфановіч.

Медаль “За плённую працу на карысць Беларусі” атрымаюць удава Васіля Быкава, захавальніца яго літаратурнай спадчыны, культурны дзеяч Ірына Быкава (пасмяротна), спявачка, паэтка, музыка, тэлевядучая Кацярына Ваданосава, літоўскі юрыст, доктар права, прафесар міжнароднага і канстытуцыйнага права Дайнюс Жэлімас, украінскі палітычны дзеяч, юрыст, гісторык, дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Собалеў.

Адзначаецца, што “яшчэ адзін выбітны чалавек” атрымае ўзнагароду непублічна. “Ён увекавечаны Крыжам Свабоды — за асабісты грамадзянскі ўчынак, які стаў сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду, а таксама шматгадовай барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

АПК паведамляе, што прадстаўніку кабінета па нацыянальным адраджэнні Паўлу Баркоўскаму даручана “паведаміць узнагароджаным і іх родным, а таксама арганізаваць урачыстую цырымонію ўручэння ўзнагарод”.

Дэмсілы рэгулярна ўручаюць узнагароды людзям, адзначаючы іх уклад у рух Беларусі да дэмакратыі і ўмацаванне суверэнітэту.

Гл. таксама:

Перад Днём Волі АПК уганараваў узнагародамі восем чалавек, у іх ліку музыка Вольскі, айцішнік Лібер, экс-палітзняволеная Луцкіна

Памерла ўдава Васіля Быкава, ёй было 99 гадоў

Для хворай на рак кіраўніцы “Вольнага хору” Казіміроўскай сабрана больш за 14 тыс. еўра

СК пачаў расследаваць крымінальную справу журналісткі Ваданосавай па артыкуле аб “рэабілітацыі нацызму”

Падзяліцца: