Мінск 11:33

У апошні дзень ліпеня на аб’ектах АПК ад агню пацярпелі чатыры адзінкі тэхнікі

1 жніўня, Позірк. Аб чарговых здарэннях на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, якія адбыліся 31 ліпеня, гаворыцца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

На палях Мінскай вобласці пры правядзенні сельскагаспадарчых работ гарэлі два збожжаўборачныя камбайны — каля вёскі Мысліва Нясвіжскага раёна і вёскі Касынычы Салігорскага раёна.

Аб характары пашкоджанняў не паведамляецца.

Таксама ў сталічным рэгіёне — каля вёскі Новыя Фалічы Старадарожскага раёна — загарэўся прычапны прэс-падборшчык (пацярпеў ён ці быў знішчаны агнём не ўдакладняецца).

Каля вёскі Патрыкі Кобрынскага раёна (Брэсцкая вобласць) падобная адзінка тэхнікі згарэла. Акрамя яе, на месцы здарэння было знішчана 9,5 т саломы ў рулонах.

Раней на аб’ектах АПК Брэсцкай вобласці агнём было знішчана салома ў рулонах: 30 ліпеня ў полі каля аграгарадка Падкраічы Бярозаўскага раёна — 41,5 т; 27 ліпеня на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу ў вёсцы Ніжняе Чарніхава Баранавіцкага раёна — шэсць рулонаў (танаж не ўдакладняецца).

Да гэтага папярэдні факт узгарання сельгастэхнікі зафіксаваны 26 ліпеня — у полі каля вёскі Мсцібава Ваўкавыскага раёна (Гродзенская вобласць) гарэў збожжаўборачны камбайн. Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца здарэння, сельгасмашына “была ахопленая агнём”. Што менавіта было пашкоджана, не паведамлялася, аднак, мяркуючы па відэазапісе, пацярпела па меншай меры задняе кола.

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных МНС, у 2025 годзе праз пажары пацярпела або было знішчана па меншай меры 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73). Сёлета адзначана 16 падобных выпадкаў.

Падзяліцца: