Мінск 00:24

Падлетак шпіталізаваны ў рэанімацыю пасля купання ў Шчучынскім раёне — нырнуў з пірса і стукнуўся галавой аб дно

Фота: ТРВОД

2 жніўня, Позірк. Аб няшчасным выпадку на вадзе ў Шчучынскім раёне (Гродзенская вобласць) паведаміла Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Паводле папярэдняй інфармацыі, 1 жніўня экскурсійная група ў суправаджэнні дарослых прыбыла на бераг вадаёма ў вёсцы Ішчална.

“Пакуль дарослыя рыхтавалі абед, дзецям было катэгарычна забаронена купацца, паколькі гэты вадаём не прызначаны для купання, пра што папярэджваюць устаноўленыя забараняльныя знакі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аднак, як адзначаецца, трое падлеткаў “без ведама суправаджаючых сышлі да пірса”.

“Адзін з хлопчыкаў 2011 года нараджэння вырашыў скокнуць у ваду з пірса, стукнуўся галавой аб дно і не змог самастойна ўсплыць. Яго сябры адразу пачалі клікаць на дапамогу”, — паведамляе ТРВОД.

Дарослы, які знаходзіўся непадалёк, “кінуўся ў ваду, дастаў падлетка з глыбіні 1,9 м”. “Да прыбыцця брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ён праводзіў сардэчна-лёгачную рэанімацыю, дыханне ўдалося аднавіць”, — апісвае паслядоўнасць падзей ТРВОД.

Пацярпелы дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне. Паведамляецца, што стан падлетка застаецца цяжкім.

Падзяліцца: