Мінск 19:00

Беларусь дагэтуль не паведаміла Euronews аб прызнанні тэлеканала “экстрэмісцкім” і не аргументавала рашэнне

Ілюстрацыя: wikimedia.org

8 жніўня, Позірк. На 8 жніўня тэлеканал Euronews так і не атрымаў паведамлення ад Беларусі аб прызнанні яго “экстрэмісцкім” і тлумачэнняў прычын прыняцця адпаведнага рашэння, адзначае гэтае СМІ.

“Рашэнне Беларусі забараніць сайт Euronews, прызнаўшы яго “экстрэмісцкім” і ўключыўшы ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, азначае новы віток пераследу незалежных СМІ і свабоды слова ўладамі ў Мінску, — гаворыцца ў паведамленні. — Рашэнне Міністэрства інфармацыі Беларусі, пра якое паведамілі беларускія СМІ, прывяло да неадкладнага абмежавання доступу да лічбавых платформаў Euronews на тэрыторыі краіны, што пацвярджаецца сістэмамі Euronews, якія адсочваюць трафік у рэжыме рэальнага часу”.

Рашэннем суда Горацкага раёна (Магілёўская вобласць) ад 4 жніўня інтэрнэт-сайт тэлеканала (www.euronews.com) унесены ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Дзеянні беларускага боку асудзіў рэдакцыйны дырэктар тэлеканала Клаўс Штрунц. “Дзяржава, якая называе [тэлеканал] “экстрэмісцкім” і блакуе доступ да незалежнай, бесстаронняй журналістыкі, дэманструе ўласны страх перад свабоднай журналістыкай”, — адзначыў ён.

“Мы чакаем абгрунтавання з боку [беларускіх] уладаў. Наша пазіцыя застаецца нязменнай: мы падтрымліваем нашых гледачоў у Беларусі і будзем працягваць прадастаўляць аб’ектыўную, незалежную журналістыку, кіруючыся нашымі асноўнымі рэдакцыйнымі каштоўнасцямі”, — дадаў Штрунц.

Падзяліцца: