Лукашэнка тры гады разлічвае вывесці беларуска-індыйскія стасункі на “стратэгічны ўзровень”
15 жніўня, Позірк. Мінск “нязменна імкнецца да паглыблення дыялогу з Нью-Дэлі і разлічвае актыўнымі сумеснымі намаганнямі вывесці стасункі на якасна новы ўзровень як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы”. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні, якое 15 жніўня Аляксандр Лукашэнка накіраваў прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму і прэм’ер-міністру краіны Нарэндру Модзі з нагоды Дня незалежнасці.
Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба, назваў Індыю “важным і надзейным партнёрам Беларусі на міжнароднай арэне”. Ён разлічвае на “далейшае паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлі, інвестыцыях, навуцы і тэхналогіях”.
Аўтар паслання “выказаў перакананасць, што сумеснымі намаганнямі ўдасца вывесці беларуска-індыйскія адносіны на стратэгічны ўзровень”.
Апошні тэзіс, як сведчыць праведзенае “Позіркам“ параўнанне паведамленняў пра пасланні Лукашэнкі на адрас індыйскіх кіраўнікоў, згадваецца апошнія тры гады.
У віншаванні 15 жніўня 2023 года ён “адзначыў, што будзе рады сустрэцца з Нарэдрам (памылка ў арыгінале. — “Позірк“.) Модзі ў Мінску або Нью-Дэлі альбо правесці перамовы падчас міжнародных мерапрыемстваў, каб абмеркаваць шляхі ўзняцця беларуска-індыйскіх стасункаў на ўзровень стратэгічнага партнёрства”.
Пра “рашучасць вывесці двухбаковы дыялог“ з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства” Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня 2024 года, віншуючы Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.
15 жніўня 2024-га Лукашэнка “звярнуў увагу, што Менск нязменна імкнецца да паглыблення дыялогу з Нью-Дэлі і разлічвае актыўнымі сумеснымі намаганнямі вывесці стасункі на якасна новы ўзровень як у палітычнай, так і гандлёва-эканамічнай сферах”.
У 2025-м віншавальнік “адзначыў актыўную працу па фармаванні эканамічнай і палітычнай базы для выхаду дзвюх краін на ўзровень стратэгічнага партнёрства: створаны спрыяльныя ўмовы для нарошчвання гандлёва — эканамічных сувязяў, дасягнуты прагрэс у рэалізацыі сумесных праектаў-лакаматываў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловай, фармацэўтычнай і абароннай сферах».
Лукашэнка шмат гадоў запрашае Модзі ў Мінск, але пакуль беспаспяхова.
Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Звесткі аб гандлі з канкрэтнымі краінамі Белстат у 2022 годзе засакрэціў.
Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы і інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання і іншыя тавары.

- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаУ ліпені 2026 года найбольш падаражэлі гарачае водазабеспячэнне, авіябілеты і аўтазапчасткі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаДаўгі прадпрыемстваў за год выраслі на 9,4% — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства

