Мінск 09:06

Рост аплаты працы бюджэтнікаў працягвае апярэджваць сярэдні паказчык па эканоміцы — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

31 жніўня, Позірк. У Беларусі “захоўваецца высокі рост рэальных заробкаў”, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Эксперты звярнулі ўвагу, што ў ліпені 2026 года рэальны заробак павялічыўся на 9,1% у гадавым вымярэнні пасля росту на 9% у чэрвені.

“У бюджэтным сектары рост аплаты працы працягвае апярэджваць сярэдні паказчык па эканоміцы: паводле нашай ацэнкі, ён склаў 10,5% г/г (год да года. — “Позірк”.) пасля 11,8% месяцам раней, — адзначана ў аглядзе. — З 1 верасня падвышаецца базавая стаўка для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Гэта будзе спрыяць захаванню высокай дынамікі заробкаў і падтрымае спажывецкую актыўнасць”.

Як паведамляў “Позірк”, рэальны заробак (скарэктаваны на ўзровень інфляцыі) ў краіне ў гадавым вымярэнні за шэсць месяцаў павялічылася на 7,5%: у Віцебскай вобласці — на 9,7%, Брэсцкай — на 8,5%, Гродзенскай — на 8,9%, Мінскай — на 7,9%, Магілёўскай — на 7,6%, Гомельскай — на 6,5%, у Мінску — на 5,5%.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у ліпені 2026 года склаў 3.172 рублі — на 67,9 рубля больш (+2,2%), чым у чэрвені (3.104,1), паказаў праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені ён складаў 2.757,1 рубля, у лютым — 2.743, у сакавіку — 2.975,8, у красавіку — 2.952,9, у траўні — 3.003,5.

Спажывецкія цэны ў ліпені 2026 года павялічыліся на 0,3%.

Харчовыя тавары за месяц патаннелі на 0,3%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,8%, паслугі — на 0,6%.

У параўнанні са снежнем 2025 года рост цэн склаў 3,2%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 1,5%, нехарчовыя — на 2,3%, паслугі — на 7,3%.

У гадавым вымярэнні (да ліпеня 2025 года) цэны сталі вышэйшымі на 4,4%: на харчовыя тавары — на 3,1%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,7%.

Падзяліцца: