Мінск 14:39

Лукашэнка накіраваўся на саміт ШАС у Кыргызстан

Ілюстрацыйнае фота: yuz.uz

31 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Кыргызстан з працоўным візітам, паведаміла 31 жніўня яго прэс-служба.

Адзначаецца, што ў гэты ж дзень ён “наведае ўрачыстую цырымонію адкрыцця VI Сусветных гульняў качэўнікаў”.

1 верасня ў Бішкеку Лукашэнка возьме ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які прымеркаваны да 25-годдзя заснавання гэтай структуры.

“У сваім выступе на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС Аляксандр Лукашэнка акрэсліць пазіцыю Мінска па ключавых напрамках працы арганізацыі, агучыць прапановы па яе далейшым развіцці і ўзмацненні статусу на міжнароднай арэне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удзельнікі саміту маюць намер разгледзець шэраг пытанняў “у сферах бяспекі, энергетыкі, транспарту, навукова-тэхнічнай супрацы, лічбавізацыі”.

Чакаецца, што па выніках пасяджэння будзе прыняты пакет дакументаў, сярод якіх дэкларацыя 25-годдзя ШАС.

Лукашэнка, як заяўлена, плануе правесці “шэраг сустрэч на палях саміту з замежнымі калегамі”.

На саміце ШАС чакаюць лідараў 21 дзяржавы.

З 27 па 29 жніўня палітык наведваў Расію. У рамках візіту ён сустракаўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Лукашэнка, віншуючы 31 жніўня прэзідэнта Кыргызстана Садыра Жапарава з Днём Незалежнасці, заявіў, што “повязі сяброўства” беларускага і кыргызскага народаў з’яўляюцца “надзейным падмуркам для паглыблення шматпланавых стасункаў і рэалізацыі сумесных інтэграцыйных ініцыятыў”.

ШАС у 2001 годзе заснавалі Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. У 2017 годзе да арганізацыі далучыліся Індыя і Пакістан, у 2023-м — Іран, у 2024-м — Беларусь.

Дзяржавамі-назіральніцамі з’яўляюцца Афганістан і Манголія.

Падзяліцца: