Мінск 13:08

У Мінску і Брэсце ад непагадзі пашкоджана шэсць аўтамабіляў

Відэазапіс: МНС / стоп-кадр: "Позірк"

6 верасня, Позірк. Тры аўтамабілі пашкоджаныя ў Мінску ад непагадзі 5 і 6 верасня, вынікае з паведамленняў МНС.

У сталіцы ўпала 11 дрэў, часовыя драўляныя апоры электрычнага кабеля, пацярпелі дахі трох будынкаў, металаканструкцыя на фасадзе жылога дома, рэкламны білборд.

Тры аўтамабілі пацярпелі ў Брэсце. Там жа, а таксама ў Баранавічах супрацоўнікі рэгіянальнага МНС выязджалі распілоўваць паваленыя дрэвы.

У Віцебскай вобласці яны прыцягваліся для ўборкі дрэў 12 разоў (5 — у Віцебскім раёне, 4 — у Аршанскім, 2 — у Докшыцкім, 1 — у Чашніцкім). Пацярпеў адзін аўтамабіль (у Докшыцкім раёне).

У Мазыры (Гомельская вобласць) увечары 5 верасня дрэва, якое ўпала, перагарадзіла рух па завулку Фабрычным. Яшчэ адно дрэва супрацоўнікі МНС прыбралі ў вёсцы Асаўцы Гомельскага раёна.

У Гродзенскай вобласці ў МНС паступіла пяць паведамленняў аб аварыйных і паваленых дрэвах на праезную частку дарог у Гродзенскім, Воранаўскім, Дзятлаўскім і Смаргонскім раёнах, а таксама ў Гродне. У абласным цэнтры былі знятыя дэфармаваныя лісты бляхі: з даху неэксплутаванай воданапорнай вежы і балкона шматкватэрнага жылога дома.

Падраздзяленні МНС Мінскай вобласці прыбралі 6 дрэў у Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах.

У Магілёўскай вобласці ўбрана 8 паваленых дрэў: у Горках, Краснаполлі, Чавускім, Шклоўскім, Слаўгарадскім і Магілёўскім раёнах.

Белгідрамет папярэджваў пра вецер парывамі да 15-20 м/с, месцамі да 21-24 м/с — 5 верасня на большай частцы тэрыторыі, 6 верасня па паўднёвым захадзе.

Падзяліцца: