Мінск 16:05

Жыхарцы Мінска выстаўленае абвінавачанне ў парушэнні ПДР, праз якое ў сакавіку пацярпела 11-гадовая дзяўчынка

Архіўнае відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

7 верасня, Позірк. 35-гадовай жыхарцы Мінска выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне ПДР, якое з неасцярожнасці пацягнула нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання) у рамках справы аб аварыі, у якой пацярпела дзіця, вынікае з паведамлення сталічнага ўпраўлення Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, удзень 12 сакавіка жанчына за стырном “БМВ” пры павароце з пр. Незалежнасці на вул. Язмінавую выехала на тратуар і збіла 11-гадовую дзяўчынку. Аўтамабіль наехаў на ганак адміністрацыйнага будынка на вул. Пятра Мсціслаўца і перакуліўся.

Паведамляецца, што ў выніку ДТЗ “дзіця атрымала цялесныя пашкоджанні сярэдняй ступені цяжкасці і цяжкія — паводле прыкметы незгладжальнага знявечання твару і шыі”.

“Кіроўца адмаўляла сваю вінаватасць, заяўляючы, што нібыта не памятае абставін таго, што адбылося, з прычыны непрытомнасці падчас знаходжання за стырном. Аднак следчыя высветлілі, што фігурантка адчула сябе дрэнна яшчэ да здзяйснення павароту”, — адзначыла сталічнае ўпраўленне СК.

Заяўлена, што жанчына “адчувала слабасць, галавакружэнне, недахоп кіслароду і болевыя адчуванні ў жываце да здзяйснення манеўру”, аднак, нягледзячы на пагаршэнне самаадчування, “не спыніла транспартны сродак, а працягнула рух, у выніку чаго праз некалькі секунд страціла прытомнасць, што прывяло да выезду на тратуар”.

Усё гэта, як адзначыў СК, знялі камеры відэаназірання.

Сцвярджаецца таксама, што дыягназ — стан, праз які жанчына страціла прытомнасць, — быў пастаўлены ёй шмат гадоў таму. Такім чынам, “кіроўца дакладна ведала пра наяўнасць у яе хранічнага захворвання, якое суправаджаецца прыступамі слабасці і непрытомнасцямі, сімптомы якога з’яўляюцца прадказальнымі і чаканымі”.

Згодна з правіламі дарожнага руху, кіроўца абавязаны быць пільным і ацэньваць магчымыя рызыкі. Знаходжанне ў хваравітым стане, які ставіць пад пагрозу бяспеку руху, патрабавала ад яе неадкладна спыніць кіраванне, падкрэсліў СК.

Мерай стрымання для абвінавачанай абраная забарона на кіраванне транспартным сродкам. Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: