Мінск 13:49

Дырэктар мэблевай кампаніі затрыманы ў Мінску па справе аб махлярстве на 1 млн рублёў

9 верасня, Позірк. Крымінальная справа распачатая ў Мінску ў дачыненні да дырэктара мэблевай кампаніі, якая пасля атрымання перадаплаты не выконвала заказы на кухонныя гарнітуры, паведамляе МУС.

Паводле звестак ведамства, агульная сума шкоды пацярпелым перавышае 1 млн рублёў.

Паведамляецца, што ў міліцыю звярнуліся грамадзяне, якія замовілі кухні ў сталічнай кампаніі і ўнеслі перадаплату. Аднак ва ўстаноўленыя тэрміны мэблю яны не атрымалі.

Кампанія каля 15 гадоў працавала на мэблевым рынку, аднак, як адзначае МУС, у канцы мінулага года сутыкнулася з фінансавымі і вытворчымі цяжкасцямі. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіраўнік працягваў прымаць новыя заказы, нягледзячы на назапашаныя абавязацельствы перад папярэднімі кліентамі і няспраўнасць часткі абсталявання.

Заяўляецца, што атрыманыя ад новых заказчыкаў грошы выкарыстоўваліся для пагашэння абавязацельстваў перад кліентамі, якія аформілі заказы раней (“па прынцыпе фінансавай піраміды”).

Кіраўнік кампаніі затрыманы.

Падзяліцца: