Мінск 11:24

Мінск не папярэдзіў Вільнюс пра дрон, што ляцеў з Беларусі ў Літву — галоўны дарадца Наўседы

Галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс
Архіўнае відэа: LRT / стоп-кадр: "Позірк"

15 верасня, Позірк. Улады ў Мінску не папярэдзілі Вільнюс пра дрон, што ляцеў з Беларусі ў Літву, заявіў 15 верасня ў ранішнім эфіры Žinių radijas галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць партал навін Delfi, апошнім часам “ніякіх папярэджанняў з беларускага боку” пра падобныя здарэнні “не было”.

Матулёніс канстатаваў, што пакуль незразумела, які менавіта беспілотнік уначы перасёк паветраную прастору Літвы. Ён выказаў здагадку, што гэта мог быць расійскі або ўкраінскі дрон, што збіўся з курса.

Неўзабаве пасля поўначы 15 верасня літоўскія вайскоўцы выявілі аб’ект, які ўвайшоў у паветраную прастору краіны. Жыхары шэрагу раёнаў Літвы, а таксама сталіцы былі папярэджаныя пра магчымасць паветранай пагрозы. З авіябазы ў Шаўляі былі паднятыя італьянскія знішчальнікі НАТО, якія збілі аб’ект. Рэшткі дрона былі знойдзеныя ля вёскі Праткунай у Кайшадорскім раёне.

Гэта першы выпадак знішчэння беспілотніка над Літвой.

Адметна, што напярэдадні інцыдэнту міністр замежных спраў Літвы абмяркоўваў са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, які прыбыў у Вільнюс і рыхтаваўся да паездкі ў Мінск, у тым ліку выклікі і пагрозы з беларускага боку.

Нацыянальны вяшчальнік LRT са спасылкай на кіраўніка Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦУК) Вілмантаса Віткаўскаса паведаміў, што на месцы здарэння ўведзены план “Шчыт”, спецыялісты вывучаюць сабраныя рэшткі. “Пакуль па рэштках немагчыма вызначыць, ці быў гэта баявы дрон”, — адзначыў чыноўнік. Паводле яго слоў, высокая верагоднасць таго, што дрон быў аснашчаны выбуховай прыладай.

13 верасня ў Літве абвяшчалася патэнцыйная паветраная небяспека (жоўты ўзровень) праз невядомы аб’ект у небе. Пазней высветлілася, што радары выявілі не дрон, а зграю птушак.

14 жніўня паведамлялася, што знішчальнікі місіі НАТО па патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі збілі замежны дрон у Латвіі. 17 жніўня латвійскі міністр абароны Райвіс Мелніс заявіў, што БПЛА заляцеў на тэрыторыю краіны з Беларусі. Адзначалася, што ён трапіў у Латвію “ў выніку выкарыстання Расіяй сродкаў РЭБ”.

Са студзеня 2025 года па травень 2026-га ў краінах Балтыі сама меней 24 разы паведамлялі пра беспілотнікі, якія з’яўляліся ў паветранай прасторы або былі знойдзеныя на тэрыторыі, пісала раней “Новая газета Европа”, прааналізаваўшы паведамленні мясцовых уладаў.

Часцей за ўсё пра такія выпадкі паведамлялі ў Латвіі (не менш за 12 эпізодаў). Яшчэ як мінімум сем выпадкаў зафіксавана ў Літве, пяць — у Эстоніі.

У шэрагу выпадкаў паходжанне беспілотнікаў высветліць не атрымалася, аднак частку дронаў называлі расійскімі, украінскімі або тымі, што прыляцелі з боку Беларусі. Некаторыя інцыдэнты прыводзілі да абмежаванняў у працы інфраструктуры краін Балтыі.

Летась у ліпені расійскі ваенны беспілотнік заляцеў з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Бытавыя БПЛА і метэазонды з кантрабанднымі тытунёвымі вырабамі залятаюць з беларускай тэрыторыі ў паветраную прастору прыгранічных краін ЕС рэгулярна.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: