Рыжанкоў заявіў, што Коўл займаецца вызваленнем палітвязняў “па нейкіх слязлівых просьбах ЕС”

6 кастрычніка, Позірк. Спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла падчас візітаў у Беларусь цікавяць розныя пытанні — не толькі “вызваленне па нейкіх слязлівых просьбах Еўрапейскага саюза пэўных зняволеных”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму агенцтву “РИА Новости” (апублікавана 6 кастрычніка на сайце МЗС).
Коўл, паводле слоў Рыжанкова, з’яўляецца “пасрэднікам”, які паводле даручэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа “ў прынцыпе выбудоўвае ўзаемаадносіны паміж Амерыкай і Беларуссю”.
“І па меры таго, як расце ўзровень даверу паміж бакамі, такіх пунктаў судакранання становіцца ўсё больш. Вы закраналі пытанне калійных угнаенняў — гэта таксама адна з тэм, што абмяркоўваецца. Але зноў жа не коштам нашых адносін з Расіяй”, — падкрэсліў Рыжанкоў.
Адказваючы на пытанне аб магчымым новым візіце Коўла ў Беларусь у гэтым годзе, міністр заявіў, што “адносіны настолькі дынамічныя, што чакаць можна ўсяго”.
Гаворачы пра двухбаковыя стасункі Мінска і Вашынгтона, Рыжанкоў заявіў, што ЗША — гэта “дзяржава, з якой, вядома ж, трэба мець або старацца мець роўныя адносіны і кантакты, а таксама [весці] супрацоўніцтва любой дзяржаве свету, роўна як з Расіяй, Кітаем і, напэўна, з Еўрапейскім саюзам як супольнасцю краін”.
“Таму для нас была не вельмі прымальнай сітуацыя, калі гэтыя адносіны былі фактычна замарожаныя і ніякага руху па лініі Вашынгтон — Мінск не было ўвогуле”, — адзначыў кіраўнік МЗС.
Рыжанкоў дадаў, што “ў пэўнай ступені зразумела імкненне амерыканскага боку пры выбудоўванні гэтых адносін вырашаць шэраг праблем, як яны лічаць, звязаных з пэўнымі асобамі, якія ў нас у Беларусі былі затрыманыя за супрацьпраўную дзейнасць крымінальнага характару”. Ён паўтарыў тэзіс пра тое, што “ніякай гаворкі пра “палітычных” нейкіх быць не можа”.
“Верагодна, пэўная цікавасць амерыканскага боку да іх выклікана тым, што гэтыя людзі ў свой час дзейнічалі, атрымліваючы пэўную падтрымку на Захадзе, разлічваючы на яго садзейнічанне ў выпадку чаго і нейкія гарантыі. Вядома, для захавання твару [Захаду] трэба гэтае пытанне таксама вырашаць”, — сказаў Рыжанкоў.
Паводле яго слоў, пры пасрэдніцтве ЗША вызваляюцца людзі, якія “ўжо адбылі дастатковы тэрмін у месцах зняволення”, многія з іх “ужо ўсвядомілі згубнасць сваіх дзеянняў”, іншыя, “калі не ўсвядомілі, то прынамсі зразумелі, што лепш у такія месцы больш не вяртацца”.
“Калі амерыканскі бок гатовы разам з еўрапейцамі займацца такімі людзьмі за мяжой — слава богу, калі ласка”, — адзначыў міністр.
“Але, як паказвае практыка, — дадаў ён, — вельмі многія з гэтых “беглых”, як мы іх называем, якія ўдзельнічалі ў розных дзеяннях “экстрэмісцкага характару” ў нашай краіне, праяўляюць сябе і ў Еўрапейскім саюзе. Кожны дзень мы бачым адтуль пэўны зрэз інфармацыі: хтосьці кагосьці збіў, дзесьці гандаль наркотыкамі, людзьмі, перамяшчэнне нейкіх нелегальных рэчаў, хуліганства, крадзяжы, бандытызм”.
На думку Рыжанкова, гэта “лішні раз паказвае, што яны — не такія белыя і пухнатыя, якія расказвалі казкі пра тое, што яны за нейкія правы чалавека”.
“Гэтыя зняволеныя былі пэўным раздражняльнікам [у адносінах з Захадам], але ён патроху сыходзіць на нішто. Хтосьці, дарэчы, выходзіць і сам па адбыцці тэрміну. І, вядома ж, цяпер заходнім палітыкам лягчэй захоўваць твар, развіваючы кантакты з Рэспублікай Беларусь. Таму дыялог з амерыканскім бокам ідзе, як ён ідзе з Расійскай Федэрацыяй”, — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Ён таксама дадаў, што перамовы з ЗША “будуюцца толькі на вырашэнні пытанняў”, важных для Мінска, і “дзесьці важных таксама для амерыканцаў”, але пры гэтым дыялог “не вядзецца і не можа весціся” за кошт адносін уладаў Беларусі з “найбліжэйшымі саюзнікамі, перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй і Кітаем, а таксама іншымі краінамі”.
“Трэба разумець, што ёсць пэўныя межы, за якія ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржавамі мы ніколі не выйдзем”, — падкрэсліў Рыжанкоў.
Раней паведамлялася пра пяць публічных сустрэч Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, пасля якіх на волю выйшлі агулам 464 чалавекі (21 чэрвеня 2025 года — 14, 11 верасня — 52, 12–13 снежня — 123, 19 сакавіка 2026 года — 250, 15–16 верасня — 25). Разам з тым са слоў самога амерыканскага дыпламата вядома, што ён сустракаўся з Лукашэнкам у беларускай сталіцы яшчэ ў канцы красавіка. У рамках перамоўнага працэсу ЗША аслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.
Варта адзначыць, што публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў актывізаваліся яшчэ раней — пасля вяртання Трампа ў Белы дом у пачатку 2025 года. Да Коўла ў перамоўных працэсах вядучую ролю адыгрывалі Крыс Сміт, Кіт Келаг.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаРэжым Лукашэнкі змяніў характар рэпрэсій, каб "забяспечыць іх максімальнае пашырэнне пры мінімальных рэсурсах" — даследаваннеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваЗа дзевяць месяцаў беларускія санаторыі наведала каля 200 тыс. замежнікаў, пераважна з РФМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУлетку 2026 года санаторый у Друскінінкаі, які належыць Беларусі, быў загружаны амаль на 100%, у Юрмале — не працаваўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства



