Мінск 14:39

16-гадоваму падлетку пагражае да 12 гадоў зняволення за крадзеж 17 тыс. долараў у жыхара Ліды

Ілюстрацыя: МУС

25 кастрычніка, Позірк. У Лідзе (Гродзенская вобласць) распачатая крымінальная справа ў дачыненні да падлетка, які падазраецца ў крадзяжы буйной сумы грошай, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

У міліцыю, як заяўляецца, звярнуўся 57-гадовы мясцовы жыхар, які паведаміў аб знікненні гатоўкі з яго дома.

“Устаноўлена: раней у госці да сына пацярпелага неаднаразова прыходзіў 16-гадовы прыяцель. У адзін з візітаў ён заўважыў, дзе гаспадар кватэры захоўвае зберажэнні, і стаў патроху іх выносіць. Калі зразумеў, што прапажу ніхто не заўважае, за раз забраў усе купюры, якія засталіся”, — гаворыцца ў паведамленні.

Усяго, паводле звестак МУС, падлетак скраў 17 тыс. долараў. “Грошы выдаткаваў на асабістыя патрэбы: купіў тры матацыклы, гульнявую кансоль, калекцыйныя фігуркі, гульнявыя дэвайсы, а таксама муляжы халоднай зброі”, — удакладняе ведамства.

Справа расследуецца па факце “крадзяжу ў асабліва буйным памеры”. Падкрэсліваецца, што фігуранту пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: