Мінск 15:42

Ціханоўская выказала спачуванні ў сувязі са стральбой у Кракаве, зычыць здароўя пацярпелым паліцэйскім

Фота і калаж: onet.pl

8 лістапада, Позірк. Святлана Ціханоўская “глыбока ўзрушаная <…> жудаснай стральбой” у Кракаве.

“Мае думкі — з кожнай сям’ёй, якая аплаквае страту блізкага чалавека. Зычу ўсім пацярпелым сіл і поўнага выздараўлення. Нашым польскім сябрам: беларусы падзяляюць ваш смутак у гэты цяжкі час”, — напісала дэмлідар у Х вечарам 7 лістапада.

На наступны дзень яна заявіла, што аддае даніну павагі афіцэрам Якубу Куліку і Артуру Мараньскаму, якія атрымалі раненні, спыняючы нападніка, а таксама ўсім, хто кінуўся на дапамогу.

“Зычу абодвум афіцэрам хутчэйшага і поўнага выздараўлення. Ваша мужнасць выратавала шмат жыццяў”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Спачуванні выказаў таксама яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка.

Паводле інфармацыі польскага партала onet.pl, удзень 7 лістапада мужчына, які перасоўваўся на аўтамабілі, адкрыў страляніну па мінаках на плошчы Галоўны Рынак у цэнтры Кракава (Малапольскае ваяводства на поўдні Польшчы), а таксама абстраляў трамвай на плошчы Усіх Святых. Нападніка пераследавала паліцыя, завязалася перастрэлка, у выніку якой той быў цяжка паранены і пасля шпіталізаваны.

Паведамляецца пра 6 загінулых і не менш за 16 параненых, сярод якіх двое паліцэйскіх. Целы яшчэ трох загінулых знойдзеныя ў доме стралка.

Нападнік страляў са зброі з доўгай руляю. У машыне стралка знайшлі і іншую зброю ды боепрыпасы.

У Кракаве абвешчаная жалоба да 11 лістапада, на агульнанацыянальным узроўні — да 9-га.

Падзяліцца: