Мінск 09:40

Скарачэнне ЗВР Беларусі за кастрычнік звязанае са зніжэннем сусветных цэн на золата — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: kranite.com

9 лістапада, Позірк. Асноўнай прычынай скарачэння золатавалютных рэзерваў Беларусі за кастрычнік стала зніжэнне сусветных цэн на золата на 6,3%, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Разам з тым, звярнулі ўвагу аналітыкі банка, рэзервовыя актывы ў замежнай валюце “працягнулі расці, павялічыўшыся за кастрычнік на 89,1 млн долараў”. Ад пачатку года іх аб’ём вырас на 540,1 млн долараў, а доля ў структуры рэзерваў дасягнула 42,7% супраць 38,4% на пачатак 2026 года.

Раней паведамлялася, што міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лістапада 2026 года склалі 14 млрд 257 млн долараў.

Паводле інфармацыі рэгулятара, ЗВР за кастрычнік зменшыліся на 376,5 млн долараў, або амаль на 2,6%. На 1 кастрычніка яны складалі 14 млрд 633 млн долараў, на 1 студзеня — 14 млрд 423 млн.

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на пачатак лістапада склала 6 млрд 776,6 млн долараў (-461 млн за месяц; -6,37%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 399,4 млн (-4,7 млн; -0,33%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 6 млрд 80,8 млн (+89,1 млн; +1,49%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

Зніжэнне ЗВР назіраецца другі месяц запар: за верасень яны сталі меншымі на 610,3 млн долараў у эквіваленце.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2026 год сярод іншага было вызначана, што міжнародныя рэзервовыя актывы маюць быць не ніжэйшымі за 9,2 млрд долараў.

30 верасня 2026 года палітык зацвердзіў адпаведныя паказчыкі на 2027 год. Там быў вызначаны аб’ём ЗВР на будучы год не менш за 12,8 млрд долараў. У каментарыі “Позірку” акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі заявіў, што гэта “абсалютна нармальная лічба”.

Падзяліцца: