Мінск 10:41

За тыдзень у міліцыю паступіла больш за 1,9 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў — МУС

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

9 лістапада, Позірк. За мінулыя суткі, 8 лістапада 2026 года, у міліцыю паступіла каля ста паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Ведамства традыцыйна заявіла, што “дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян пераважная большасць злачынстваў прадухіленая”. За мінулы дзень “зарэгістравана два злачынствы, здзейсненыя з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Праведзены “Позіркам” аналіз штодзённых зводак МУС паказаў, што з 2 па 8 лістапада ў міліцыю паступіла больш за 1,9 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў; затрымана 13 кур’ераў, у дваіх з іх вынята 160 тыс. рублёў.

З 29 верасня па 4 кастрычніка ў міліцыю паступіла больш за 1,8 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў, з 5 па 11 кастрычніка — звыш 2 тыс., з 12 па 18 кастрычніка — больш за 1,9 тыс., з 19 па 25 кастрычніка — больш за 2 тыс., з 26 кастрычніка па 1 лістапада — больш за 2,2 тыс.

22 кастрычніка Генеральная пракуратура паведаміла, што ад пачатку 2026 года ў краіне было зарэгістравана больш за 7 тыс. выпадкаў лічбавага махлярства з рэальнымі стратамі для грамадзян.

Паводле даных Следчага камітэта, у 2025 годзе кожнае трэцяе злачынства ў Беларусі было здзейснена з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, за дзевяць месяцаў 2026-га доля такіх злачынстваў склала 35%.

Падзяліцца: