Мінск 12:29

За дзесяць месяцаў жыхары Беларусі прадалі на 2,6 млрд долараў больш наяўнай валюты, чым набылі

Ілюстрацыйнае фота: magnific.com

9 лістапада, Позірк. У студзені — кастрычніку 2026 года насельніцтва Беларусі выступіла прадаўцом замежнай наяўнай валюты і пакупніком — безнаяўнай, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы за дзесяць месяцаў набылі валюты на 11 млрд 413 млн долараў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 13 млрд 307,1 млн (адмоўнае сальда — 1,894 млрд).

Наяўнай валюты набыта на 7 млрд 563 млн, прададзена — на 10 млрд 122,7 млн (-2 млрд 559,7 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 850 млн і 1 млрд 184,4 млн адпаведна (+665,7 млн).

Як паведамляў “Позірк”, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лістапада 2026 года склалі 14 млрд 257 млн долараў. За кастрычнік ЗВР зменшыліся на 376,5 млн долараў, або амаль на 2,6% (на 1 кастрычніка складалі 14 млрд 633 млн долараў, на 1 студзеня — 14 млрд 423 млн).

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на пачатак лістапада склала 6 млрд 776,6 млн долараў (-461 млн за месяц; -6,37%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 399,4 млн (-4,7 млн; -0,33%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 6 млрд 80,8 млн (+89,1 млн; +1,49%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

Зніжэнне ЗВР назіраецца другі месяц запар: за верасень яны сталі меншымі на 610,3 млн долараў у эквіваленце.

У 2025 годзе насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты. Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 12,95 млрд долараў (у эквіваленце), прадалі — на 14,58 млрд (адмоўнае сальда — 1,63 млрд).

Напрыканцы траўня 2025 года старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка назваў чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання адным з двух фактараў, якія паўплывалі на рост міжнародных актываў: “Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку”.

Падзяліцца: