Ціханоўская мае намер дамагацца расследавання смерці Бандарэнкі

12 лістапада, Позірк. У намеры дамагчыся сапраўднага расследавання і прыцягнення да адказнасці ўсіх датычных да смерці 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, які памёр 12 лістапада 2020 года пасля жорсткага збіцця ў Мінску, запэўніла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
“Крымінальную справу прыпынілі яшчэ ў 2021 годзе, а вінаватыя дагэтуль не панеслі адказнасці— адзначыла яна ў сваім тэлеграм-канале. — Пры гэтым у журналісцкіх расследаваннях даўно названыя імёны людзей, чыю датычнасць да злачынства трэба праверыць”.
“Мы памятаем Рамана. Яго твар і словы: “Я выходжу”. Памятаем, што з ім зрабілі, і як цяжка яго родным. І памятаем, колькі пытанняў усё яшчэ чакаюць адказаў. Мы будзем дамагацца сапраўднага расследавання і адказнасці для ўсіх, хто мае дачыненне да яго смерці. Бо, нягледзячы на час, які мінуў, нам па-ранейшаму патрэбная справядлівасць. Шэсць гадоў маўчання не сціраюць ні злачынства, ні адказнасці за яго”, — дадала палітык
Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуў увагу не толькі на адсутнасць расследавання, але і на пераслед людзей, якія спрабавалі высветліць абставіны смерці Бандарэнкі і распавесці пра іх грамадскасці.
Сярод іх журналісткі “Белсата” Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова, урач Арцём Сарокін, а таксама падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, якога абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе пасля таго, як ён, паводле інфармацыі прапаганды, перадаў СМІ аўдыязапісы размоў, у якіх абмяркоўваліся абставіны смерці Бандарэнкі.
“Гэта адзін з характэрных для сённяшняй сітуацыі выпадкаў, калі злачынства не расследаванае, а вінаватыя не панеслі адказнасці, — канстатаваў праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч. — У нас ёсць усе падставы сцвярджаць, што да смерці Рамана датычныя асобы, звязаныя з уладамі. Рэйды па раёнах, мэтай якіх было знішчыць нацыянальную сімволіку, праходзілі пры непасрэдным удзеле сілавікоў. TUT.BY правёў вялікую працу па зборы доказаў, аўдыя і відэа, была праведзеная і незалежная экспертыза. Усе гэтыя матэрыялы будуць выкарыстаныя, калі ў Беларусі пачнецца сапраўднае расследаванне і вінаватых прыцягнуць да адказнасці”.
Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зрэзалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Пераменаў” (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Актывіст памёр на наступны дзень не прыходзячы ў прытомнасць.
Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна зняпраўдзіла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і ўрача Арцёма Сарокіна, які перадаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. Пасля за разгалашэнне медычнай таямніцы Барысевіч была прыгавораная да 6 месяцаў пазбаўлення волі (выйшла на волю 19 траўня 2021 года), Сарокін — да 2 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду на год.
15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Пераменаў” затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператара Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, што прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі прыгавораныя да 2 гадоў пазбаўлення волі за “дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак“ (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, была вызваленая і высланая з краіны 19 сакавіка 2026-га пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам; Чульцова ў верасні 2022-га выйшла на волю і з’ехала з краіны).
18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла пра распачатую крымінальную справу “па факце наўмыснага нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці Бандарэнкі Рамана Ігаравіча“ (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўленае“. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны невысвятлення асобы, якая мае быць прыцягнутая ў якасці абвінавачанага”.
У жніўні 2022 года ініцыятыва “Кіберпартызаны” апублікавала запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, хакейнага трэнера Лукашэнкі, бізнесмена, члена Савета Рэспублікі, у той час старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава і майстара ўсходніх адзінаборстваў Дзмітрыя Шакуты пра паездку на “плошчу Пераменаў” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны яго смерці. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэнаваннем, якое праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.
Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры адабрэнні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі“.

- Грамадства
- ЭканомікаНа кожнага жыхара Беларусі за год прыпадае больш за 500 кг цвёрдых адкідаў — спецыялістМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы ад пачатку года падаражэлі на 11,3% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзесяць месяцаў 2026 года цяплічных памідораў вырашчана больш, агуркоў — менш, чым за той жа леташні перыяд (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка


