be
Arrow
Мінск 15:31

Раман Пратасевіч, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі

3 траўня, BPN. Мінскі абласны суд 3 траўня прыгаварыў 27-гадовага палітзняволенага Рамана Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Пракурор Наталля Сакалова запытала для асуджанага 10 гадоў калоніі.

Іншых фігурантаў “справы Nexta” судзілі завочна ў рамках “спецыяльнай вытворчасці”: Яна Рудзіка прыгаварылі да 19 гадоў калоніі, Сцяпана Пуцілу — да 20.

Суддзя Вячаслаў Тулейка прызнаў Пратасевіча і іншых фігурантаў справы вінаватымі паводле адзінаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 2905, ч. 3 арт. 293, ч. 2 арт. 342, ч. 1 арт. 3611, ч. 3 арт. 361, ч. 2 арт. 3612, ч. 1 арт. 357, ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368, арт. 3691.

13 красавіка Рудзіку дадалі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 3611 КК. ДзяржСМІ паведамлялі, што раней з Пуцілы, Пратасевіча і Рудзіка знялі пункт абвінавачання аб “навучанні і матэрыяльным забеспячэнні асоб для ўдзелу ў беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 2 арт. 342 КК, прадугледжвае максімальнае пакаранне да 3 гадоў). Аднак на сайце Вярхоўнага суда паведамляецца, што абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 342 засталося ў сіле.

Пры гэтым Пратасевічу і Рудзіку дадалі іншае абвінавачанне — у “паўторным кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем”.

Мінскі абласны суд пачаў разглядаць “справу Nexta” 16 лютага. Пуціла і Рудзік знаходзяцца за мяжой. Пратасевіч у Беларусі пад дамашнім арыштам, паколькі “ў поўным аб’ёме выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве”. Ён прысутнічаў на першым паседжанні і цалкам прызнаў віну.

Пры накіраванні крымінальнай справы ў суд Генпракуратура “ў інтарэсах дзяржавы” заявіла пазоў аб пакрыцці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 млн рублёў.

Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расіі Сафію Сапегу затрымалі пасля прымусовай пасадкі ў Мінску 23 траўня 2021 года самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс.

6 траўня 2022 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Сапегу да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яе маюць намер адправіць адбываць пакаранне ў РФ.

Даведка:

ч. 3 арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

ч. 1 арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

ч. 3 арт. 293 — масавыя беспарадкі;

ч. 2 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;

ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

ч. 1 арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;

ч. 2 арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;

ч. 1 арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

ч. 2 арт. 367 — паклёп на прэзідэнта;

ч. 2 арт. 368 — абраза прэзідэнта;

ст. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: