be
Arrow
Мінск 18:36

КДБ унёс у “спіс тэрарыстаў” яшчэ дзевяць чалавек, у тым ліку завочна прыгавораных да працяглых тэрмінаў фігурантаў “справы КР”

13 ліпеня, BPN. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 13 ліпеня абнавіў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, дадаўшы ў яго яшчэ дзевяць чалавек.

У іх ліку палітзняволены дырэктар рэдакцыі газеты “Беларусы і рынак” Кастанцін Залатых, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле чатырох крымінальных артыкулаў: распальванне варожасці (ч. 2 арт. 130), абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 ), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і перавышэнне паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426).

У спіс унесена прызнаная вінаватай паводле дзесяці артыкулаў КК і прыгавораная да 4,5 года пазбаўлення волі за адміністраванне пратэстных чатаў “97%” і публікацыі ў іх Таццяна Курыліна, якая некаторы час пражывала за мяжой, але пасля вяртання ў Беларусь была затрымана.

Да “тэрарыстаў” прылічаны фігуранты “справы Каардынацыйнай рады” Марыя Мароз, Сяргей Дылеўскі і Вольга Кавалькова, завочна асуджаныя ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама ў спіс унесены: спартсмен і блогер Іван Котаў, інжынер з Магілёва Уладзіслаў Купрыянаў (абодва прызнаны палітзняволенымі), асуджаныя паводле артыкула аб распальванні варожасці Аляксей Прохараў і Вадзім Саскавец.

Падзяліцца: