Мінск 10:28

БДУІР падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з ДЗАВД МУС, начальнік якога раней узначальваў ГУБАЗіК і ў 2022 годзе страляў у падлетка

Вадзім Богуш і Андрэй Паршын Фота: Міністэрства адукацыі

14 лістапада, Позірк. Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Вадзім Богуш і начальнік Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці (ДЗАВД) МУС Андрэй Паршын падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведаміла 14 лістапада Міністэрства інфармацыі.

Прэс-служба ведамства адзначае, што “ў дакуменце бакі дамовіліся аб сумеснай працы ў навукова-тэхнічнай сферы і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў”.

Падрабязнасці не прыводзяцца.

6 красавіка прадстаўнікі ДЗАВД сустрэліся са студэнтамі 3 і 4 курсаў факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Выпускнікам распавялі пра службу ў дэпартаменце, аб прыёме і крытэрах адбору кандыдатаў на службу, а таксама аб сацыяльных ільготах і гарантыях для маладых супрацоўнікаў. Сустрэча атрымалася жывой і цікавай, студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта з вялікай увагай слухалі выступоўцаў, актыўна задавалі пытанні”, — гаварылася ў паведамленні ВНУ.

Да красавіка 2022 года Паршын узначальваў у МУС Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) — структуру, вядомую палітычным пераследам іншадумцаў. Пасля гэтага яго перавялі ў ДЗАВД.

23 чэрвеня 2022 года незалежныя СМІ паведамілі, што ў сталічным жылым комплексе “Каскад” у Фрунзенскім раёне адбылася бойка, у якой удзельнічалі некалькі чалавек. Як удакладнілі ў размове з Позіркам відавочцы, бойка завяршылася стральбой.

Паводле слоў сведкі здарэння, каля аднаго з пад’ездаў пачалася бойка. Затым прыехала “хуткая дапамога”, аднаму з удзельнікаў бойкі, якому на выгляд каля 16 гадоў, аказалі дапамогу.

Адзначалася, што да здарэння датычны Паршын.

“Каля пад’езда размясцілася група моладзі. Паршын вырашыў зрабіць заўвагі з нейкай нагоды. Слова за слова — пачалася бойка. У выніку Паршын апынуўся на зямлі”, — паведаміў сведка.

Жыхар “Каскаду”, з якім удалося пагаварыць, сцвярджаў, што чуў у гэты час хлапок, падобны на гук стрэлу.

Пазней праўладныя тэлеграм-каналы пацвердзілі дачыненне экс-кіраўніка ГУБАЗіКу да інцыдэнту. Сцвярджалася, што ён стрэліў з траўматычнага пісталета ў “маладога чалавека Яўгена Уладзіміравіча Д.”, які напаў на яго і “выглядаў старэйшым за свае гады”. Сур’ёзных наступстваў здароўю падлетка нібыта нанесена не было — куля трапіла ў “мяккія тканіны”, яе “вынялі пінцэтам”.

Пра пачатак якога-небудзь расследавання па факце страляніны ў жылым комплексе не паведамлялася.

Пазней з бацькамі падлетка запісалі “пакаяннае відэа”, у якім яны ўсклалі адказнасць за інцыдэнт на сына, ухвалілі прымяненне Паршыным зброі і выбачыліся перад ім.

Падзяліцца: