Мінск 15:16

Кіраўнікоў райвыканкамаў навучаць арганізацыі тэрытарыяльнай абароны

Архіўнае фота: Мінск-навіны

18 снежня, Позірк. Парадак працы старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў па арганізацыі і разгортванні тэрытарыяльнай абароны будзе ў аснове пяцідзённых (з 18 па 22 снежня) курсаў на факультэце Генеральнага штаба, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

“Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню ведаў і ўменняў кіраўнікоў выканкамаў у арганізацыі і выкананні мерапрыемстваў фарміравання тэрытарыяльных войскаў з улікам вопыту сучасных ваенных канфліктаў”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Раней, 3–6 кастрычніка, пад кіраўніцтвам старшыняў аблвыканкамаў праходзілі заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 мая ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Падзяліцца: