Мінск 20:50

ЕС прадоўжыў на год санкцыі супраць Беларусі (дапоўнена)

Крыніца: consilium.europa.eu

26 лютага, Позірк. Савет Еўрапейскага саюза 26 лютага прыняў рашэнне прадоўжыць на год, да 28 лютага 2025-га, “дзеянне абмежавальных мер, звязаных з унутранымі рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрымкай рэжымам [Аляксандра Лукашэнкі] вайны Расіі супраць Украіны”.

У прэс-рэлізе ЕС нагадвае, што са жніўня 2020 года ўведзена некалькі пакетаў санкцый у адносінах як да фізічных, так і юрыдычных асоб.

“Гэтымі мерамі ЕС сігналізуе адказным палітычным і эканамічным суб’ектам, што за іх дзеянні і падтрымку рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі] і Расіі даводзіцца плаціць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер у спісе 233 фізічныя асобы, уключаючы Лукашэнку, і 37 юрыдычных асоб.

Адзначаецца, што Беларусь застаецца аб’ектам “мэтанакіраваных эканамічных санкцый”, уключаючы абмежаванні ў фінансавым сектары, гандлі, таварах двайнога прызначэння, тэхналогіях і тэлекамунікацыях, энергетыцы, транспарце і іншых.

Савет “пацвердзіў абгрунтаванасць высноў ад 12 кастрычніка 2020 года і зноў заявіў аб сваёй нязменнай падтрымцы імкнення беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы”.

Адмешана “глыбокая занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека” і “асуджэнне пераследу беларускага грамадства” за яго падтрымку Украіны.

“Рада пацвердзіла сваю прыхільнасць прыцягненню да адказнасці асоб, адказных за парушэнні правоў чалавека”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Падзяліцца: