Мінск 19:03

Інтэрпол правярае падставы вышуку беларуса Андрэя Гнёта ўладамі на радзіме — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Hasan Almasi

29 лютага, Позірк. Інтэрпол заблакаваў звесткі затрыманага ў Сербіі беларуса Андрэя Гнёта. Ідзе праверка падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Адвакат Гнёта настойвае, што падабаронны пераследуецца з палітычных, а не эканамічных матываў.

Аб’яднанне супрацоўнікаў сілавых структур, якія перайшлі на бок народа, BelPol заклікала далучыцца да падтрымкі Гнёта, распаўсюджваючы інфармацыю пра яго. Арганізацыя адзначае ў “Тэлеграме”, што выратаваць яго ад “траплення ў крывавыя лапы рэжыму” неабходна цяпер, а “не выказваць сваю занепакоенасць аб яго долі потым”.

У BelPol таксама “маюцца важкія падставы меркаваць”, што Гнёт пераследуецца рэжымам Лукашэнкі з палітычных прычын.

“Да крымінальнай адказнасці Гнёт А.У. ніколі не прыцягваўся, крымінальны пераслед у дачыненні да яго ніколі не ўзбуджаўся і не праводзіўся, у якасці падазраванага і абвінавачанага не прызнаваўся да падзей, якія адбыліся ў жніўні 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь”, — адзначае BelPol.

Таксама арганізацыя падкрэслівае, што, паводле звестак, указаных у запыце ў Інтэрпол, санкцыю на арышт Гнёта 20 лютага 2023 года выдаў пракурор Савецкага раёна Мінска Антон Загароўскі, уключаны ў санкцыйны спіс ЕС з 2011 года за рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Паводле інфармацыі BelPol, 41-гадовы Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі па прылёце ў краіну, пасля чаго перададзены паліцыі.

Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Беларусі ад 21 верасня 2023 года на падставе крымінальнага пераследу на тэрыторыі Беларусі. Мэта запыту — экстрадыцыя ў Беларусь для ажыццяўлення крымінальнага пераследу. Паводле звестак BelPol, працэдура экстрадыцыі ўжо пачалася.

Офіс Святланы Ціханоўскай “сочыць за сітуацыяй” і дамагаецца вызвалення Гнёта, заявіла “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара ў прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

Паводле яе слоў, офіс звярнуўся да абасадараў краін ЕС і ЗША ў Сербіі. “Адгукнулася каля васьмі дыпламатаў, якія стварылі нефармальную групу падтрымкі Андрэя”, — сказала суразмоўца “Позірку”.

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для свабоднага аб’яднання спартсменаў, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фармаваннем”.

У траўні 2022 года Гнёт выйграў конкурс Effie Awards Russia. У 2016-м партал marketing.by паведамляў, што Гнёт з’яўляецца “адным з самых вядомых і запатрабаваных” беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.

Падзяліцца: