Мінск 06:47

Латушка: Ужо чатыры гады беларусы не бачаць рэальных дзеянняў з боку дэмакратый у адказ на свае чаканні

Фота: прэс-служба Паўла Латушкі

4 сакавіка, Позірк. “Калі беларускае грамадства не атрымае выразнага сігналу аб тым, што дэмакратыя на яго баку, што дэмакратыя як спосаб кіравання эфектыўная, што міжнародныя інстытуты працуюць, што міжнароднае права выконваецца, мы можам страціць беларускае грамадства”, — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, выступаючы 4 сакавіка ў Польшчы на Еўрапейскім кангрэсе мясцовага самакіравання.

Паводле слоў палітыка, якія перадае яго прэс-служба, большасць беларусаў выступае за дэмакратычныя перамены і супраць вайны, і гэта — “аснова іх еўрапейскага выбару”.

“Усе ў Еўропе кажуць пра важнасць зброі, бо ідзе вайна, і гэта не падлягае дыскусіям. Аднак ніхто не кажа пра важнасць падтрымкі беларускага грамадства, якое стала перашкодай для выкарыстання Лукашэнкам войска на тэрыторыі Украіны. Ужо чатыры гады беларусы не бачаць рэальных дзеянняў з боку дэмакратый у адказ на свае чаканні — адказнасць і большая адкрытасць, аддзяленне грамадства ад рэжыму Лукашэнкі”, — сказаў Латушка.

“На жаль, — дадаў ён, — заходнія партнёры не прапанавалі стратэгіі ў дачыненні да нашай краіны. І ў адрозненне ад пуцінскай Расіі ў аб’яднанай Еўропы і іншых заходніх дэмакратый пакуль няма бачання будучыні Беларусі”.

Звярнуўшы ўвагу на “закрытыя памежныя пераходы” і цяжкасці з атрыманнем віз, у чым “вінаваты рэжым”, намеснік кіраўніка АПК падкрэсліў, што “ў той жа час гандаль з рэжымам Лукашэнкі працягваецца”. “Гэта азначае, што рэжым мае фінансавыя магчымасці будаваць больш турмаў, дапамагаць Расіі ў вайне, вырабляць больш зброі, ствараць больш пагроз для краін НАТО, пры гэтым [беларуская] грамадскасць адрэзаная ад Еўропы”, — адзначыў палітык.

На яго думку, тым самым заходнія краіны здзяйсняюць “стратэгічную памылку”.

Ён заявіў, што НАУ фіксуе “ўсе гэтыя злачынствы рэжыму”, падрыхтаваныя “два звароты ў Міжнародны крымінальны суд аб фактах ваенных злачынстваў — незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іх наступнай індактрынацыі”. “Сумесна з літоўскім праваабарончым цэнтрам Justice Hub таксама падрыхтаваны даклад аб злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да 136 тыс. ахвяр”, — сказаў Латушка.

Паводле яго пераканання, “заходнім партнёрам пара праявіць сваю палітычную волю”, Лукашэнка “павінен быць выдадзены міжнародны ордэр на арышт”, бо “беларускае грамадства чакае <…> надыходу адказнасці”.

Гл. таксама:

Латушка: Ёсць усе доказы, якія сведчаць пра ваенныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі

Латушка: Галоўнай мэтай з’яўляецца прыцягненне да адказнасці пачвары па імені Лукашэнка

Падзяліцца: