Мінск 18:45

МУС Беларусі хоча і надалей рыхтаваць паліцэйскіх ААЭ

Паліцыя ў Дубаі трэніруецца разганяць натоўп
Фота: khaleejtimes.com

5 сакавіка, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў “гатова працягваць праграму падрыхтоўкі эмірацкіх супрацоўнікаў паліцыі ў Беларусі па розных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці”, паведаміла 5 сакавіка прэс-служба МУС па выніках сустрэчы кіраўніка ведамства Івана Кубракова з начальнікам паліцыі Дубая Абдулой Халіфам Аль Мары на палях Сусветнага паліцэйскага саміту ў найбуйнейшым горадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Сцвярджаецца, што ў рамках форуму беларускі чыноўнік таксама правёў працоўныя сустрэчы з “кіраўнікамі дэлегацый паліцыі Зімбабвэ, Швецыі, краін СНД ды іншых”.

На прэс-канферэнцыі 29 лютага ў Мінску Кубракоў заявіў, што ў міліцэйскага ведамства “вельмі шчыльнае ўзаемадзеянне” з калегамі з Катара і ААЭ.

“Толькі сёлета я як міністр унутраных спраў пабываў у некалькіх камандзіроўках, — сказаў ён. — Не так даўно да нас звярнуліся калегі з Зімбабвэ для навучання іх супрацоўнікаў ахове грамадскага парадку, супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму. Таму ў гэтым пляне мы працуем”.

“Што да супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, то <…> многія звяртаюцца да нас па кансультацыі”, — заявіў кіраўнік МУС.

Кубракоў заявіў, што па лініі Інтэрпола з МУС Беларусі ўзаемадзейнічаюць больш за 100 краін, якія даюць “пэўную інфармацыю”. “У тым ліку Польшча, Германія — кшталту недружалюбныя нам краіны, але мы адказваем узаемнасцю, калі да нас звяртаюцца”, — сказаў ён.

Кубракоў уключаны ў санкцыйныя спісы шэрагу заходніх краін за рэпрэсіі ў краіне. Персанальныя санкцыі ў дачыненні да яго ўведзеныя Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Японіяй, Украінай, ён уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША, ЕС, Канады, Вялікабрытаніі, Швейцарыі ды іншых краін.

Інтэрпол правярае падставы вышуку беларуса Андрэя Гнёта ўладамі на радзіме — "Вясна"

29 лютага, Позірк. Інтэрпол заблакаваў звесткі затрыманага ў Сербіі беларуса Андрэя Гнёта. Ідзе праверка падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". Адвакат Гнёта настойвае, што падабаронны пераследуецца з палітычных, а не эканамічных матываў. Аб'яднанне …
Падзяліцца: