Мінск 20:56

Мінгарсуд 19 сакавіка разгледзіць іск аб ліквідацыі асацыяцыі недзяржаўнага ТБ, што існуе 30 гадоў

Фота: sb.by

9 сакавіка, Позірк. Мінскі гарадскі суд 19 сакавіка разгледзіць іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя недзяржаўнага тэлебачання” (БАНТ), вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства.

Суддзя Алена Шэмет пачне працэс у 10:00.

Паводле даных з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, БАНТ зарэгістраваная 13 снежня 1993 года (прайшла перарэгістрацыю 17 чэрвеня 1999-га, апошнія змены ў АДР уносіліся 2 кастрычніка 2006-га). Арганізацыя стваралася для каардынацыі незалежных тэлекампаній, прапаноўвала паслугі па вытворчасці камерцыйнай і сацыяльнай відэапрадукцыі вяшчальнікам у Беларусі і Расіі.

У дзень працэсу па ліквідацыі БАНТ Мінгарсуд разгледзіць яшчэ тры аналагічныя іскі Мінюста — у дачыненні да грамадскага аб’яднання “Адкрытае грамадства” (11:00, Іна Ялавая), Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання выкладчыкаў нямецкай мовы (12:00, Юрый Шастакоў) і Асацыяцыі выпускнікоў інстытута дзяржаўнай службы (15:00, Алена Пруднікава).

Адметна, што ГА “Адкрытае грамадства”, зарэгістраванае 22 кастрычніка 1993 года, да верасня 1999-га называлася “Фонд “Адкрытае грамадства”. Пад такой жа назвай з 1993 года фінансіст і філантроп Джордж Сорас развіваў у многіх краінах свету сетку арганізацый па падтрымцы грамадзянскай супольнасці.

Аб’яднанне выкладчыкаў нямецкай мовы існуе з 5 жніўня 2005 года, Асацыяцыя выпускнікоў інстытута дзяржаўнай службы (інстытут з’яўляецца структурным падраздзяленнем Акадэміі кіравання) — з 28 студзеня 2009 года.

Падзяліцца: