Мінск 01:07

Дырэктар ліцэя БДУ прапануе прысвоіць яму імя Дзяржынскага

У ліцэі БДУ адзначылі Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал установы

15 сакавіка, Позірк. Дырэктар ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц прапануе прысвоіць навучальнай установе імя “выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі” Фелікса Дзяржынскага, вынікае з паведамлення тэлеграм-канала ліцэя.

На сустрэчы 14 сакавіка з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мамчыц перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю адпаведны калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэя.

Мамчыц заняла пасаду дырэктара адной з самых прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў Беларусі ў верасні 2023 года. У ліцэі БДУ дзеці вучацца ў 10 і 11 класах, пры паступленні ўстанова з году ў год вельмі высокі конкурс.

У ліцэі навучаюцца па профілях. Ёсць гуманітарны (беларуская філалогія), філалагічны (руская філалогія), гісторыка-грамадазнаўчы, грамадазнаўчы, эканамічны, геаграфічны, біялагічны, хімічны, матэматычны, інфарматыка-матэматычны, інфарматыка-фізічны, фізічны профілі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у гэтай навучальнай установе павінен быў пачаць вучыцца ў 2020 годзе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Лукашэнка пасля заканчэння 9 класаў Астрашыцкай сярэдняй школы (Мінскі раён, Мінская вобласць). СМІ паведамлялі, што ён паспяхова здаў іспыты і быў залічаны на біялагічны профіль, аднак заняткаў не пачаў. Пазней стала вядома, што ён вучыўся ў закрытай прыватнай школе, а потым з’ехаў у Кітай атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Фелікс Дзяржынскі (1877–1926) — ураджэнец Беларусі (Дзяржынава, Мінская вобласць). Заснавальнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі, якая пасля пераўтваралася ў АДПУ, НКУС, КДБ.

Да кастрычніка 1917 года Дзяржынскага неаднаразова арыштоўвалі, увогуле ён правёў 11 гадоў у турмах і на катарзе, дзе захварэў на сухоты.

Апублікаваны лісты Дзяржынскага, у якіх ён тлумачыць сваю жорсткасць у адносінах да ворагаў рэвалюцыі, за што атрымаў мянушку Жалезны Фелікс.

Дзяржынскі прызнаваўся ў лістах жонцы, што “для многіх няма імя страшнейшага”, чым ён, называў сябе “салдатам рэвалюцыі”.

У Беларусі ёсць горад Дзяржынск, які з’яўляецца раённым цэнтрам (Мінская вобласць). У Мінску яго імем названы праспект, помнік Дзяржынскаму ў сталіцы знаходзіцца ў скверы насупраць будынка КДБ.

У Дзяржынава працуе музей-сядзіба яго сям’і.

Падзяліцца: