Мінск 02:56

Створаная дэмсіламі служба “Адно акно” 5 красавіка правядзе першую сесію ананімных юрыдычных кансультацый

Фота: unsplash.com / Julian Hochgesang

4 красавіка, Позірк. Створаная беларускімі дэмакратычнымі сіламі інфармацыйная платформа “Адно акно” 5 красавіка правядзе першую сесію бясплатных ананімных кансультацый па юрыдычных пытаннях.

Гарачая лінія будзе працаваць з 15:00 да 17:00 па мінскім часе.

Паводле інфармацыі каманды праекта, можна будзе пракансультавацца па грамадзянска-прававых пытаннях (нерухомасць, правы спажыўцоў, спадчына і завяшчанні), пытаннях з галіны сямейнага (развод, аліменты, паздзел маёмасці, апякунства), адміністрацыйнага (штрафы, абскарджанні, пазбаўленне правоў, рэгістрацыя бізнесу, абарона правоў у сферы сацпаслуг) і крымінальнага (справы пра ДТЗ, крадзяжы і іншыя злачынствы, дапамога пры затрыманні і арышце, працэдуры змякчэння пакарання, амністыя ды іншае) права.

Сесіі бясплатных юрыдычных кансультацый плануецца праводзіць некалькі разоў на месяц.

Актуальнасць паслугі служба аргументуе тым, што ў Беларусі “працягваюцца палітычныя рэпрэсіі і прававы дэфолт”, доступ да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі “ўнутры краіны абмежаваны”, а зварот за юрыдычнай падтрымкай “можа быць спалучаны з рызыкай для ўласнай бяспекі”.

“Складанасць сітуацыі пагаршаецца страхам перад зваротамі да спецыялістаў, калі гэта датычыцца палітычна матываваных спраў”, — адзначана ў рэлізе каманды праекта.

Заяўляецца, што аператары на лініі падчас юрыдычных кансультацый не будуць запісваць і захоўваць звесткі пра званкі карыстальнікаў, самі званкі будуць праходзіць “праз бяспечную платформу з выкарыстаннем сучасных пратаколаў шыфравання, што выключае магчымасць праслухоўвання або перахопу звестак трэцімі асобамі”.

Служба “Адно акно” запрацавала 27 кастрычніка 2023 года. Дэмсілы стварылі яе ў першую чаргу для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій.

АПК абвясціў пра запуск службы "Адно акно" для сацпадтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій

27 кастрычніка, Позірк. Пра пачатак працы службы "Адно акно" для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій 27 кастрычніка абвясціў Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК). Паводле інфармацыі АПК, служба створана з ініцыятывы прадстаўніцтва кабінета па сацыяльнай палітыцы. Адзначаецца, што "Адно акно", што пакуль …
Падзяліцца: