Мінск 06:10

Пагранічнікі знайшлі ля мяжы з Літвой чарговы дрон, яго аператараў затрымалі

Скрыншот: відэаматэрыял Дзяржпагранкамітэта

19 красавіка, Позірк. Двух грамадзян Беларусі з беспілотнікам самалётнага тыпу затрымалі 18 красавіка ў вёсцы Кавалеўшчына (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) за 7,5 км ад мяжы з Літвой, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Пры іх таксама былі знойдзеныя “наўтбук, блок для антэны, цеплавізар і акумулятарныя батарэі”.

“Беспілотнік, а таксама іншая выяўленая пры зламысніках апаратура канфіскаваныя. <…> У дачыненні да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс”, — заявіла ведамства, сярод іншага нагадаўшы, што “незаконнае валоданне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе” з’яўляецца парушэннем арт. 24.19 КаАП, які можа пацягнуць за сабой штраф да 50 базавых велічыняў (2.000 рублёў).

17 красавіка памежнікі знайшлі “па месцы жыхарства грамадзяніна Беларусі коптар, выраблены самаробным спосабам, а таксама запасныя акумулятарныя батарэі”. Жыхар прымежнага населенага пункта Беняконі (Варонаўскі раён) “патлумачыў, што збіраўся прадаць беспілотны лятучы апарат”. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс, беспілотнік і 12 акумулятарных батарэй канфіскавалі.

8 красавіка смаргонскія пагранічнікі (Гродзенская вобласць) затрымалі траіх грамадзян Беларусі, якія пілатавалі квадракоптар без належнага дазволу. Свае дзеянні, паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, яны “патлумачылі жаданнем запусціць квадракоптар у якасці забавы”, пры гэтым “найбольш прыдатным месцам для гэтага яны палічылі прыгранічны населены пункт Каменны Лог” на мяжы з Літвой.

1 красавіка набыў моц указ № 297, які забараняе фізічным асобам увозіць, вырабляць, выкарыстоўваць і рэалізоўваць грамадзянскія беспілотнікі.

Падзяліцца: