Мінск 22:13

“Ахоўваць парадак” падчас УНС будзе больш за 3 тыс. чалавек, заяўляе МУС

Архіўнае фота: прэс-служба МУС

23 красавіка, Позірк. Асабовы склад структур з сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў пераведзены на “ўзмоцнены варыянт нясення службы”, заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы, правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Купчэня 23 красавіка, напярэдадні першага дня VII Усебеларускага народнага сходу (УНС).

У відэакаментарыі, апублікаваным прэс-службай ведамства, ён адзначыў, што ў сувязі з УНС міліцыя зрабіла “дадатковыя захады па ахове грамадскага парадку”. З іншымі сілавымі структурамі, паведаміў чыноўнік, “ўзгодненыя і адпрацоўваюцца алгарытмы дзеянняў у розных сітуацыях”, для каардынацыі сумеснай працы “арганізаваныя аператыўна-сітуацыйныя штабы”.

Купчэня заявіў, што дэлегаты УНС з абласцей прыбываюць у Мінск “па загадзя прапрацаваных і абследаваных маршрутах”. Месцы іх пражывання і непасрэдна звязаныя з правядзеннем УНС аб’екты “ўзятыя пад кругласутачную ахову”.

У “забеспячэнні правапарадку” падчас УНС задзейнічаюць “мабільныя групы і групы хуткага рэагавання”, для “бесперапыннага адсочвання абстаноўкі” выкарыстаюць “рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі”.

“Ахоўваць грамадскі парадак будуць больш за тры тысячы міліцыянтаў і вайскоўцаў унутраных войскаў, — сказаў прадстаўнік МУС. — Асабовы склад арыентаваны на неадкладнае рэагаванне і спыненне парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і іншых злачынстваў. Любой інфармацыі, якая ўтрымлівае пагрозы бяспецы, у тым ліку ў дачыненні да дэлегатаў сходу, будзе дадзена прававая ацэнка”.

Раней сталічная міліцыя паведаміла, што падчас УНС будуць працаваць АМАП, сапёрна-піратэхнічныя групы, групы інтэрнэт-маніторынгу, а таксама супрацьдзеяння беспілотнікам.

Першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу (УНС) у канстытуцыйным статусе пройдзе 24–25 красавіка ў Мінску.

Падзяліцца: