Мінск 11:32

Пра чарнобыльскую катастрофу важна памятаць, каб падобнае не паўтарылася, заявіла Ціханоўская

Ускладанне кветак да помніка "Маці Чарнобыля" (Вільнюс, 26 красавіка 2024 года)
Фота: "Позірк"

26 красавіка, Позірк. Пра чарнобыльскую катастрофу важна памятаць, каб такое не паўтарылася, заявіла журналістам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 26 красавіка, у 38-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС.

Апоўдні палітык разам з прадстаўнікамі амбасад, якія працуюць у Літве, усклала кветкі да помніка “Маці Чарнобыля” ў вільнюскім парку Сапегаў, каб ушанаваць памяць загінулых і пацярпелых ад наступстваў найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы.

“Важна памятаць пра ахвяр, гэта даніна павагі найперш, — падкрэсліла Ціханоўская. — Я ўпэўненая, што большасць беларусаў і ўкраінцаў з’яўляюцца ахвярамі чарнобыльскай катастрофы. Многія адчуваюць наступствы, прымаюць усё жыццё таблеткі”.

Памяць пра здарэнне і яго ахвяр з’яўляецца “задзелам на будучыню, каб пазбегнуць [новых] пагроз ядзерных катастроф”, сказала яна.

На пытанне, ці распрацоўваюць дэмакратычныя сілы якія-небудзь планы рэабілітацыі пацярпелых у выніку аварыі рэгіёнаў Беларусі, Ціханоўская адказала: “Я больш чым упэўненая, што такая праца вядзецца”.

“Шмат было ў Беларусі арганізацый, якія, магчыма, ужо ліквідаваныя, якія займаліся гэтай праблематыкай, — нагадала палітык. — Наколькі я памятаю (баюся памыліцца, я чытала ў навінах), дапамогу матэрыяльную людзям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, прыбралі зусім або зменшылі. То бок рэжым паказвае сваё стаўленне да тых герояў, якія некалі ратавалі краіны — Украіну, Беларусь — ад наступстваў ядзернай катастрофы”.

“Я ўдакладню, ці распрацоўваюцца такія рэформы, але дакладна мы ведаем, што астравецкі завод (Беларуская АЭС каля Астраўца ў Гродзенскай вобласці. — Позірк.), ён распрацоўваецца з усялякімі парушэннямі. І трэба будзе ў будучыні запрашаць спецыялістаў, каб ацаніць магчымую катастрофу альбо магчымасць працягу [працы] гэтага завода (хоць ён яшчэ не запусціўся, так?), каб не дапусціць трагедыі ў будучыні (першы блок станцыі пачаў сілкаваць энергасістэму ў лістападзе 2020 года, уведзены у прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га, другі блок — у траўні і лістападзе 2023-га адпаведна. — “Позірк”.)”, — дадала яна.

Ціханоўская папракнула рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў безадказным стаўленні да ядзернай сферы.

“Мы бачым як будуецца астравецкая АЭС, няма ніякага кантролю, як яна будуецца. Мы бачым, што рэжым дазваляе размяшчаць у Беларусі ядзерную зброю. Канешне, гэта вялікая пагроза новага Чарнобылю. Але ж увогуле, калі казаць пра палітычную сітуацыю, то можна назваць гэта палітычным Чарнобылем. Мы бачым, як людзей катуюць, як людзей забіваюць — як Чарнобыль, што людзі збягаюць, як ад радыяцыі. Мы павінны, канешне, гэта спыніць, прыкласці ўсе намаганні, каб і новага Чарнобылю не адбылося, і палітычны Чарнобыль скончыўся”, — падсумавала дэмлідар.

38 гадоў таму здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС

26 красавіка, Позірк. Роўна 38 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года ў 1:23, здарылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Нягледзячы на тое, што АЭС размешчана ва Украіне, больш за 70% радыенуклідаў, якія вызваліліся ў выніку …
Падзяліцца: