Мінск 01:24

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Нарвегіі “шчыліны” для абыходу санкцый, якія выкарыстоўваюцца “Беларуськаліем”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

1 траўня, Позірк. “Шчыліны “для абыходу санкцый, якія выкарыстоўваюцца ўладамі ў Мінску, абмеркавалі ў Осла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ, паведаміў “Позірку” 1 траўня галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, у прыватнасці, абмяркоўваліся шляхі абыходу санкцый ААТ “Беларуськалій”, якое “прадае ўгнаенні праз Расію”.

У цэнтры ўвагі таксама былі падтрымка беларускіх незалежных СМІ, студэнтаў, культурных ініцыятываў, сказаў Вячорка.

“Нарвегія выдзяляе сродкі на падтрымку медыяпраектаў і грамадскіх ініцыятыў у рамках праграмы грантаў Паўночных краін, а таксама працягне падтрымліваць стыпендыі для маладых беларусаў, якія навучаюцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце”, — сказаў дарадца.

Дадаткова “ад падтрымкі грамадзянскай супольнасці” Нарвегіі будуць выдзеленыя сродкі на беларускіх “рэпрэсаваных і палітвязняў”, адзначыў суразмоўца “Позірку.

“Таксама Ціханоўская прапанавала запрашаць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў фарматы Савета міністраў Паўночных краіны (у альянс уваходзяць Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Данія і Ісландыя) і Nordic-Baltic Eight (тыя ж дзяржавы і краіны Балтыі)”, — падкрэсліў Вячорка.

Акрамя гэтага, дадаў ён, на сустрэчы бакі абмеркавалі спрашчэнне легалізацыі беларусаў і выдачу Нарвегіяй “пашпартоў замежнікаў” для эмігрантаў, якія “не могуць аднавіць дакументы”.

Дарадца паведаміў аб сустрэчы Ціханоўскай з міністрам культуры Нарвегіі Любнай Яфферу, з якой былі абмеркаваныя “трэнінгі і стажыроўкі для менеджараў культуры, культурныя абмены і рэзідэнцыі для дзеячаў культуры, падтрымка для культурных ініцыятыў і праектаў, і інш.”.

“Нарвегія ўжо рэалізуе шэраг беларускіх культурных праектаў у тым ліку падтрымлівае кінафестываль “Паўночнае ззянне”. Пры падтрымцы пасольстваў Нарвегіі арганізаваны шэраг літаратурных і культурных падзей”, — сказаў Вячорка.

З мэрам Осла Ганне Ліндбу дэмлідар абмеркавала арганізацыю выставы пра праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, а таксама магчымы ўдзел Осла ў Міжнародным дні салідарнасці з беларускімі палітвязнямі 21 траўня. “Гаварылі таксама аб правядзенні кінапаказаў, тэатральных мерапрыемстваў у горадзе, супрацоўніцтве з беларускімі ініцыятывамі ў Осла і аб’яднаннем беларусаў у Нарвегіі “Разам”, — дадаў дарадца.

Гаворачы аб створаным Міжнародным гуманітарным фондзе ў падтрымку беларускіх палітвязняў, Вячорка паведаміў, што Ціханоўская на сустрэчы з нарвежскім прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Сторэ прапанавала назваць фонд імем Бяляцкага. Таксама яна звярнулася з просьбай узяць палітзняволенага праваабаронцу “пад патранаж Нарвегіі”.

Ціханоўская здзейсніла візіт у Осла 29–30 красавіка.

Падзяліцца: