Мінск 08:23

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні да Ежы Грыгенчы — экс-каардынатара групы Канапацкай на выбарах 2020 года

Крыніца: тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра "Вясна"

3 траўня, Позірк. Следчы камітэт 2 траўня пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да 53-гадовага Ежы Грыгенчы, вынікае з адпаведнага пераліку на сайце ведамства.

Мужчыне загадана з’явіцца ва УСК па Гродзенскай вобласці. Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Грыгенча быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, пражывае ў Беластоку (Польшча), неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у розных пратэстных акцыях яшчэ да выбараў 2020 года.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: