Мінск 06:13

Сябра каманды Азарава, якая балатуецца ў КР, просіць Церцеля дадаць яго ў спіс “экстрэмістаў”

Фота: ByPol

13 траўня, Позірк. З іранічнай просьбай дадаць яго ў спіс “экстрэмістаў” звярнуўся да старшыні КДБ Івана Церцеля Андрэй Фёдараў — удзельнік каманды “Закон і правапарадак”, якая балатуецца ў Каардынацыйную раду ад аб’яднання былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol пад кіраўніцтвам Аляксандра Азарава.

6 траўня КДБ прызнаў “Закон і правапарадак” “экстрэмісцкім фарміраваннем” і 10 траўня ўключыў яго ў “Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. У пераліку названыя прозвішчы 19 з 20 членаў каманды. Адзіным, хто не быў згаданы, стаў Фёдараў.

У звароце да Церцеля, размешчаным у тэлеграм-канале ByPol, ён назваў гэта “недаравальнай недакладнасцю”, хоць яго прозвішча “неаднаразова адкрыта друкавалася ў сацсетках і згадвалася ў стрымінгавых сервісах у якасці ўдзельніка дадзенай экстрэмісцкай групоўкі”.

“Я глыбока расчараваны падобнай дыскрымінацыяй з боку вашага ведамства і магу растлумачыць яе толькі нядбайнасцю і недастатковым прафесіяналізмам вашых падначаленых. Або, што яшчэ больш сумна, спробай нівеліраваць мой унёсак у экстрэмісцкі рух, які ставіць сваёй мэтай дыскрэдытаваць “дзейную ўладу” і паставіць пад сумнеў вынікі выбараў Прэзідэнта Беларусі 2020-га года, у якіх, нягледзячы на незадаволенасць большасці несвядомых выбаршчыкаў, чарговую ашаламляльную перамогу атрымаў дзейны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка”, — напісаў Фёдараў (арфаграфія захаваная).

Ён паведаміў, што нарадзіўся ў Мінску ў 1978 годзе, скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Ваенная псіхалогія”. Служыў у войску “каля пяці гадоў да звання капітана журналістам і аглядальнікам газеты “Во славу Родины”. Пасля звальнення са Узброеных сіл працаваў журналістам на ВаенТБ, загадчыкам аддзела тэлеканала “Сталічнае тэлебачанне”, рэдактарам рубрыкі “Зброя” расійскага сайта lenta.ru.

Паводле слоў Фёдарава, у 2009 годзе ён эміграваў у Мельбурн (Аўстралія), “скончыў дзве магістратуры ў мясцовых універсітэтах”, “атрымаў сертыфікацыю прыкладнога аналітыка паводзінаў у Аўстраліі і ЗША”. Цяпер — “уладальнік і клінічны дырэктар кампаніі, якая працуе з людзьмі з паводзіннымі адхіленнямі і затрымкамі ў развіцці”.

Выбары ў КР адбудуцца 25—27 траўня. На месцы ў ёй прэтэндуюць 12 кааліцый. Пяць з іх КДБ ужо прызнаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

Падзяліцца: