Мінск 13:27

Лукашэнка адправіўся з візітам у Азербайджан

Фота: тэлеграм-канал "Пул Першага"

15 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 15 траўня накіраваўся з дзяржаўным візітам у Азербайджан, паведамляе яго прэс-служба.

Анансаваныя перамовы з прэзідэнтам гэтай краіны Ільхамам Аліевым.

Чакаецца, што палітыкі абмяркуюць “супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана на міжнародных пляцоўках і ў інтэграцыйных аб’яднаннях”, а таксама сітуацыю “ў рэгіёне і свеце ў цэлым”.

Адзначаецца, што сустрэча Лукашэнкі і Аліева пройдзе як у фармаце “сам-насам”, так і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Будуць разгледжаныя “актуальныя пытанні двухбаковых адносін з акцэнтам на пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязяў у розных галінах і развіцці кааперацыйнага ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці і сельскай гаспадаркі”.

Анансуецца падпісанне па выніках перамоў пакета двухбаковых дакументаў.

Паведамляецца таксама, што Лукашэнка і Аліеў наведаюць у Баку азербайджанскую міжнародную сельскагаспадарчую выставу Caspian Agro, дзе “азнаёмяцца з экспазіцыямі Беларусі і Азербайджана, рэалізацыяй сумесных праектаў у сферы АПК”.

На двухбаковых перамовах 26 снежня 2023 года ў Санкт-Пецярбургу Аліеў запрасіў Лукашэнку наведаць яго краіну. Яны дамовіліся, што сумесная камісія і ўрады “выпрацуюць план мерапрыемстваў сумеснай працы на наступныя гады”. У ліку іншага, як паведамлялася, ім належыць абмеркаваць “сумесныя кааперацыйныя праекты ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і ВПК”.

Афіцыйны Мінск актыўна выбудоўвае адносіны з Азербайджанам, які фактычна з’яўляецца праціўнікам Арменіі — саюзніка Беларусі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Папярэдні раз Лукашэнка наведваў Баку ў красавіку 2021 года.

Міністры замежных спраў Беларусі і Азербайджана Сяргей Алейнік і Джэйхун Байрамаў на сустрэчы ў Баку 15 траўня абмеркавалі “шырокі спектр пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня”. Асаблівая ўвага нададзеная “развіццю гандлёва-эканамічнага, гуманітарнага і міжпарламенцкага супрацоўніцтва”, паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Падзяліцца: