Мінск 10:31

Галасаваць на выбарах у КР змогуць у тым ліку ўладальнікі пратэрмінаваных пашпартоў

Фота: "Позірк"

20 траўня, Позірк. Грамадзяне Беларусі са скончаным тэрмінам дзеяння пашпарта змогуць прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) трэцяга склікання 25–27 траўня, вынікае з распаўсюджанага 20 траўня паведамлення выбарчай камісіі (ВК) гэтай структуры.

На прысвечанай выбарам канферэнцыі 19 траўня ў Варшаве старшыня ВК Алена Прыходзька паведаміла, што ўзяць удзел у галасаванні змогуць толькі ўладальнікі пашпарта грамадзяніна Беларусі.

Паводле яе слоў, гэта выклікана тым, што “пытанні бяспекі і сапраўднасці з’яўляюцца прыярытэтнымі”.

“Мы свядома апускаем пэўныя іншыя фактары і магчымасці, якія маглі б быць падчас выбараў, але мы фізічна не можам апрацаваць іх так, каб галасы былі сапраўднымі і валіднымі, — падкрэсліла Прыходзька. — Таму мы пакінулі толькі адзін дадатак і ідэнтыфікацыю праз беларускі пашпарт”.

Ідэнтыфікаваць іншыя дакументы камісія не зможа, дадала яна.

“Гэта патрабуе вялікіх намаганняў і рэсурсаў на ўзроўні дзяржавы. Такіх магчымасцей мы не маем. У нас сістэма сапраўды можа ідэнтыфікаваць толькі беларускі пашпарт”, — адзначыла Прыходзька.

Прадстаўніца ВК анансавала 20 траўня з’яўленне ў маркетплейсах дадатку Belarus ID для ўдзелу ў выбарах.

Што тычыцца тых, хто мае намер прагаласаваць з Беларусі, ВК раіць спампаваць дадатак не раней за 25 траўня: “Каб у вас у тэлефоне нічога не было, каб менавіта падчас выбараў вы спампавалі прыладу, аддалі свой голас і выдалілі яго адпаведна інструкцыі, пачысцілі ўсю гісторыю <…> і гэта ніякім чынам не пакіне ніякіх лічбавых слядоў. Расшыфраваць гэты код і асабістыя звесткі немагчыма. Мы іх нідзе не збіраем і не апрацоўваем і яны выдаляюцца ў той момант, калі прысвойваецца персанальны токен (лічбавы сертыфікат. — “Позірк”.).

Адказваючы на пытанні гледачоў трансляцыі канферэнцыі, Прыходзька сказала, што ў яе “няма станоўчага адказу на пытанне, як прагаласаваць беларусам, якія не маюць пашпарта грамадзяніна Беларусі”.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца тры дні — да 23:59 27 траўня. Першае паседжанне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбарах у трэці склад Каардынацыйнай рады “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

Падзяліцца: