Мінск 18:06

ЕС: Падтрымка народа Беларусі ў яго законным імкненні да дэмакратыі працягнецца

Фота: "Позірк"

26 кастрычніка, Позірк. Еўрапейскі саюз “поўны рашучасці вырашыць” сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і працягне “падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі, гаворыцца ў заяве, якой ЕС адрэагаваў на даклад, прадстаўлены Трэцяму камітэту (па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаннях) на 78-й сэсіі Генасамблеі ААН спэцдакладчыкам па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Дапамога народу Беларусі, вынікае з дакумента, будзе выражацца сярод іншага ў падтрымцы грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

У чэрвені 2023 года, адзначаецца ў заяве, “вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза заснаваў новую кансультатыўную групу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю”, якая “павінна дапамагчы сфармаваць далейшыя дзеянні ЕС у падтрымку іх намаганняў”.

ЕС “сур’ёзна занепакоены” інфармацыяй з даклада Марэн, якая сведчыць пра парушэнні, што могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Падкрэсліваецца, што больш за тры гады ўлады Беларусі “праводзяць шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць народа Беларусі за мірнае імкненне да дэмакратычнага дзяржаўнага кіравання”. Яны працягваюць “масіраваны наступ на беларускую грамадзянскую супольнасць, прадэмакратычныя рухі, журналістаў і іншых работнікаў СМІ, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, прафсаюзы і шырокую праваабарончую супольнасць”.

“Мы ўстрывожаныя ўсё большым выкарыстаннем нацыянальнага заканадаўства для звужэння грамадзянскай прасторы Беларусі і глушэння любых крытычных галасоў”, — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае беларускія ўлады “неадкладна і безагаворачна вызваліць і рэабілітаваць” праваабаронцаў, усіх палітзняволеных, у тым ліку “асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачанняў у “экстрэмізме” або “тэрарызме”, а таксама “спыніць жорсткія рэпрэсіі і пераслед грамадзянскай супольнасці”.

Аўтары дакумента звяртаюць увагу на тое, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль існуе смяротнае пакаранне, “падставы для прымянення якога нядаўна былі пашыраныя”. ЕС заклікае ўвесці мараторый на вышэйшую меру пакарання “ў якасці першага кроку да яе поўнага скасавання ў адпаведнасці з агульнасусветнай тэндэнцыяй”.

Адзначаецца, што ўжо больш за паўтара года беларускія ўлады “выступаюць у якасці памагатага Расіі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны насуперак волі пераважнай большасці беларускага народа”. Асобна згадваецца ўдзел Мінска ў гвалтоўным перамяшчэнні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб, разгортванне ў Беларусі сіл групоўкі “Вагнер”, выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі. Усё гэта “чыніць дэстабілізуючае ўздзеянне на рэгіён і яшчэ больш падрывае незалежнасць Беларусі”.

Еўрасаюз заклікае беларускія ўлады больш не садзейнічаць РФ у вайне супраць Украіны.

Акрамя таго, ЕС у чарговы раз заклікаў улады ў Мінску супрацоўнічаць з міжнароднымі механізмамі маніторынгу правоў чалавека, у тым ліку спецдакладчыкам па сітуацыі ў адпаведнай сферы.

Падзяліцца: