Мінск 19:31

Прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі ў Данецку “нізка пакланіўся гераічнаму насельніцтву “ДНР”

Скрыншот відэазапісу Генпракуратуры

27 траўня, Позірк. Дырэктар НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку беларускай генпракуратуры Ігар Мароз выступіў на якая прайшла 22 траўня ў акупаваным РФ Данецку “ўсерасійскай” навукова-практычнай канферэнцыі “Дэнацыфікацыя: вызначэнне сучасных навуковых падыходаў”, вынікае з паведамлення беларускага нагляднага органа і распаўсюджанага ім відэа выступу.

Адзначыўшы, што ён “нізка кланяецца гераічнаму насельніцтву “ДНР”, якое вось ужо 10 гадоў вымушана са зброяй у руках весці барацьбу з нацызмам”, Мароз прадставіў даклад “Нацыянальныя героі і псеўдагероі Вялікай Айчыннай вайны: гісторыка-прававы аналіз”.

Паводле Мароза, “нельга спадзявацца на тое, што людзі самі разбяруцца, у што верыць, якія ідэі ажыццяўляць, тут патрэбны абмежаванні”, прывёўшы ў гэтым кантэксце ў прыклад новае заканадаўства, якое ўводзіць адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ён таксама азнаёміў з абвінаваўчымі вынікамі судовага працэсу за генацыд над памерлым Уладзімірам Катруком.

Па сцвярджэнні прадстаўніка ведамства, падчас пратэстаў 2020 года “сімволіка беларускіх калабарацыяністаў актыўна выкарыстоўвалася як сімвал пратэстнага руху ў Беларусі”, а “беларускія неанацысты маюць устойлівыя сувязі з украінскімі неанацыстамі”.

26 траўня кіраўнік акупаванага Расіяй украінскага рэгіёну Дзяніс Пушылін у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” заявіў, што ўзаемадзеянне самаабвешчанай “данецкай народнай рэспублікі” з Беларуссю “ўжо не спыніць”.

Ён таксама паведаміў аб беларускіх інвестарах, “якія развіваюцца ў аграпрамысловым сектары пераважна ў Марыупальскім напрамку”. 

Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. Летась 15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў ”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны —”на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Беларускія ўлады тлумачаць нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку як калабарацыянісцкую з-за яе выкарыстання некаторымі арганізацыямі, якія супрацоўнічалі ў гады вайны з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй.

Падзяліцца: