Мінск 06:57

Гадавы бюджэт Беларускага даследчага ўніверсітэта складзе 2 млн еўра — прадстаўнік АПК Баркоўскі

Фота: "Позірк"

Апублікавана ў адкрытай версіі “Позірку” 30 траўня ў 15:09

29 траўня, Позірк. Бюджэт Беларускага даследчага ўніверсітэта (БДУ), які ствараецца за мяжой дэмакратычнымі сіламі, спланаваны на ўзроўні 5,98 млн еўра, паведаміў на прэзентацыі праекта 29 траўня ў Варшаве члена яго аргкамітэта, намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Баркоўскі.

Ён падкрэсліў: гэтая сума разлічаная на тры гады (2025–2027), па 1,99 млн еўра на год.

Плануецца, што бюджэт будзе напаўняцца за кошт спонсарскіх праграм, данатаў і фондаў, індывідуальных і інстытуцыянальных міжнародных даследчых грантаў, а таксама платных паслуг — за навучанне на асобных праграмах, выкананне навуковых і практычна-навуковых даследаванняў.

Гаворачы пра структуру БДУ, Баркоўскі адзначыў, што ў планах аргкамітэта — стварэнне некалькіх профільных цэнтраў: Цэнтра гістарычных даследаванняў, Цэнтра або Дэпартамента адукалогіі, Цэнтра філасофскіх даследаванняў, Цэнтра антрапалагічных даследаванняў, Цэнтра даследаванняў міжнародных адносін.

Акрамя гэтага, дадаў спікер, разглядаецца магчымасць стварэння такіх “аўтаномных і перспектыўных адзінак” як Інстытут сацыялогіі і Цэнтр эмпірычных даследаванняў, Беларускі інстытут публічнай гісторыі, Інстытут беларускай мовы, Цэнтр міжнароднага права і Цэнтр кагнітыўных і кампутарных навук.

Чакаецца, што ў БДУ будуць працаваць 35 навуковых супрацоўнікаў, 11 чалавек адміністрацыйнага і дапаможнага персаналу.

Частка бюджэту, паводле слоў Баркоўскага, будзе накіраваная на фінансаванне згаданых структурных адзінак, а таксама на офіс рэктара, універсітэцкія гранты на даследаванні, стыпендыі маладым навукоўцам у магістратуры і дактарантуры.

Канкрэтныя крокі па рэалізацыі праекта БДУ ўключаюць у сябе: распрацоўку і ўдасканаленне канцэпцыі і яе прэзентацыю на розных пляцоўках (2024–25), камунікацыю з палітыкамі і профільнымі міністэрствамі краін ЕС (папярэдне Польшча, Літва, Германія, Чэхія, Эстонія), вызначэнне краіны, у якой будзе адчынена ўстанова.

У 2024–26 гадах плануецца ажыццявіць камунікацыю з сістэмнымі донарамі і бізнес-структурамі, у 2025–26-х — рэгістрацыю і акрэдытацыю ўніверсітэта ў адной з краін ЕС, у 2025–27-х — рэгістрацыю і акрэдытацыю магістарскіх і донарскіх праграм, адзначыў Баркоўскі.

У прэзентацыі ў анлайн-фармаце ўзяла ўдзел дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. У сваім відэазвароце яна назвала Беларускі даследчы ўніверсітэт “важным стратэгічным актывам для будучыні беларускай навукі” і падкрэсліла, што “многія з тых, хто зараз стварае ўніверсітэт, адмовіліся служыць злачыннаму рэжыму і ўдзельнічаць у фальсіфікацыях гісторыі”.

Таксама ў прэзентацыі ўдзельнічалі член аргкамітэта, гісторык Павел Церашковіч, прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, гісторык Андрэй Радаман.

Аб тым, што АПК пачынае працу над стварэннем беларускага ўніверсітэта з навукова-даследчым профілем за мяжой, Коўшык паведаміла на брыфінгу ў Варшаве 8 студзеня.

Падзяліцца: