Мінск 06:25

Сергеенка і спікер Дзярждумы РФ Валодзін абмеркавалі рэалізацыю 28 інтэграцыйных праграм

Крыніца: pravo.by

2 чэрвеня, Позірк. Далейшую гарманізацыю заканадаўстваў і рэалізацыю 28 інтэграцыйных праграм у рамках Саюзнай дзяржавы абмеркавалі 2 чэрвеня ў Алматы старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка і спікер Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін.

Як паведамляе прэс-служба ніжняй палаты расійскага парламента, сустрэча адбылася па прыбыцці Сергеенкі і Валодзіна ў Казахстан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (ПА АДКБ).

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы і ПА АДКБ.

Валодзін на сустрэчы падкрэсліў, што Беларусь і Расію звязваюць “не проста партнёрскія адносіны”, народы дзвюх краін з’яўляюцца “брацкімі”, а дзяржавы — “ключавымі хаўруснікамі”, гаворыцца ў паведамленні.

24 траўня на перамовах з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мінск і Масква “захоўваюць курс на ўзмацненне інтэграцыі”, “падтрымліваюць адно аднаго і будуць падтрымліваць ва ўсіх кірунках”.

Паводле яго слоў, сумесныя праекты “ўжо выйшлі за межы зямной паверхні”.

“Многія нашы канвееры працуюць на кампанентах адно аднаго, — падкрэсліў Лукашэнка. — На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных мер ад сваіх партнёраў. Абараняцца, як мы дамовіліся, трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі, і ад тых, хто не спрыяе развіццю эканомік дзвюх дзяржаў”.

“Сітуацыя паказала, — дадаў Лукашэнка, — што спадзявацца ў гэтым свеце з пункту гледжання доўгатэрміновага супрацоўніцтва мы можам толькі на сябе. Спадзяемся на актыўнае падключэнне беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый да рэалізуемых у Расіі інвестыцыйных праектаў”.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З тых часоў беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачу аб паспяховым выкананні гэтых дакументаў.

Падзяліцца: