Мінск 17:37

Польшча не будзе мініраваць мяжу з Беларуссю, правядзе кансультацыі пра буферную зону — намеснік міністра абароны

Польская загарода на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

4 чэрвеня, Позірк. У сувязі з узрослым ціскам на мяжу з боку Беларусі Польшча на гэтым тыдні правядзе кансультацыі наконт вяртання буфернай зоны, пасля чаго будзе прынята тое ці іншае рашэнне, заявіў 4 чэрвеня ў эфіры тэлеканала TVN24 намеснік міністра нацыянальнай абароны гэтай краіны Цэзары Томчык.

“На месцы пройдуць кансультацыі з мясцовымі ўладамі. Мы хочам, каб гэтая зона бяспекі сапраўды дзейнічала”, — сказаў чыноўнік.

Томчык таксама запэўніў, што прапанаванага раней умацавання мяжы з Беларуссю і Расіяй з дапамогай мінных палёў не будзе.

“На сённяшні дзень у ахове мяжы задзейнічана 6 тысяч вайскоўцаў, а таксама 2 тысячы памежнікаў і некалькі соцень паліцэйскіх”, — дадаў ён.

Паводле слоў намесніка міністра нацабароны, цяпер “колькасць спробаў [нелегальнага] перасячэння мяжы дасягнула трох соцень у дзень”, ад пачатку года зафіксавана каля 17 тыс. спробаў. Чыноўнік таксама заявіў, што сёння “пад вартай знаходзяцца 50 кантрабандыстаў, затрыманых і арыштаваных польскімі службамі”.

“Гарантую вам, што на мяжы [з Польшчай] нічога не адбываецца без ведама беларускіх службаў, — падкрэсліў Томчык. — Калі раней кантрабандыстам стваралі спрыяльныя магчымасці па арганізацыі каналаў [нелегальнай міграцыі], зараз маем справу з сітуацыяй, калі яны проста працуюць на беларускія ці расійскія службы”.

27 траўня начальнік Генеральнага штаба Польскага войска Веслаў Кукула заявіў, што Польшча рыхтуецца замінаваць участкі мяжы з Беларуссю і РФ у рамках праграмы ўмацавання межаў “Шчыт Усход”.

Паводле яго слоў, мініраванне мяжы магчымае толькі ў тым выпадку, калі Варшава будзе “абсалютна ўпэўненая, што вайна непазбежная”.

29 траўня прэм’ер-міністр Дональд Туск падчас наведвання размяшчэння памежнікаў у вёсцы Дубічэ-Царкеўнэ (ля Белавежскай пушчы) заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону на польска-беларускай мяжы.

1 чэрвеня віцэ-прэм’ер Польшчы — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што буферная зона на мяжы з Беларуссю павінна быць адноўленая 4 чэрвеня. Разам з тым 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семаняк паведаміў, што вяртанне буфернай зоны будзе перанесенае на пазнейшы тэрмін.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Падзяліцца: